недзе ў балоце. Як і багатая верхняя вопратка, як добры конь. Усё там, ззаду: карэта і шматлікія вазы, поўныя дабра, залаты і срэбны посуд, аздобная шабля і шышак, булава галоўнага ваяводы разам з адамашкавай, шытай золатам харугвай. Усё прызначанае для пераможнай урачыстасці і багатага ваяводскага піру.
– “Усё расцягнуць ліцьвіны з ляхамі, а то і свае, ацалеўшыя ў разгроме, прыхопяць пры ўцёках. У лесе, без сведкаў, чаму не паквітацца з недарэкамі—ваяводамі? Замест разбіць адным махам слабенькае нібыта войска Жулкеўскага, прывялі да пагібелі. Але адкуль у гетмана гэтулькі войска набралася?” – раз пораз свідравала дакучлівае пытанне.
– «Адтуль, што невядома адкуль!”– злосна тлумачыў нячысцік. – Не выведвалі, не сачылі. І хвалёныя найміты не раілі і самі не рупіліся. Пляліся ззаду, зямля б іх не насіла, сквапных!»
Чаго было б больш, здзіўлення ці злосці, даведайся галоўны ваявода, колькі войска насамрэч меў Жулкеўскі і як управіўся з двума ўмацаванымі лагерамі. А стаяў жа між молатам і кавадлам!
Не хацелася Шуйскаму прызнаваць, што ў Міхаіла Скопіна з тым жа войскам было б іначай. А ён, Дзьмітрый, шуснуў у лес, нібы заяц, а за ім і войска. Сполах, пра які ліцьвіны дражняцца: “Давай каня, сядлай порткі!” Хіба ж думаў, што прапануе прарочы тост, калі крычаў “За капітуляцыю!” Не капітуляцыю мае, а разгром! “Чым жа займаўся гетман?” – пытаўся Дэлагардзі. «Дзе ён зараз, гэты задавака?» Не пашкадаваў бы шведскага француза, даведаўшыся, як таму нясоладка. Здзяруць з яго ўвесь строй да кашулі, ды кіямі пагоняць з замку Апатава, куды ён памкнецца. І Хорна гэтак жа ўзнагародзяць. Але абодва збяруць, што дасца, пераважна карэнных шведаў, і павядуць да паўночных межаў. Там не будзе ані ліцьвінаў ані палякаў.
Але зараз абы да Масквы! І тут жа халадком хапала за сэрца: ”А на Маскве што?” Лішняга войска няма, затое непрыяцеляў—ворагаў колькі душа запрагне. А яшчэ ж тушынскі “вор”. Няхай не ў Тушыне, а ў Каломенскім, ці ў Калузе, але ж не сам—адзін, а з ліцьвінамі, з ляхамі, з галотай рознай, што казакамі празвалася. Ой бяда, бяда!»
Пад заход сонца пераможцы былі ў лагеры. Валуеў ці то не заўважыў адыходу гетмана пад Клушын ці не рызыкнуў выйсці, хоць несумненна чуў стрэлы гармат з недалёкага поля бітвы. Калі пехацінцы гетмана ўзнялі радасны лямант, маскавіты не хацелі верыць у разгром Шуйскага. Толькі назаўтра, калі ім здаля паказалі здабытыя харугвы і палонных, пагадзіліся на перамовы. Гетман скіраваў да Валуева Івана Салтыкова і дазволіў купе валуеўскіх жаўнераў наведаць поле бітвы.
Адначасна да гетманскага лагеру пачалі сцягвацца расцярушаныя ў бітве чужаземцы, згодныя на службу Рэчы Паспалітай. Сумненні адпалі і Валуеў пагадзіўся на прапанаваныя Жулкеўскім лагодныя варункі капітуляцыі. Гетман не хацеў марнаваць час і людзей на штурм. Важнейшым было паспяшацца да Масквы, каб скінуць цара Васіля Шуйскага. Знаўца па будове ўмацаванняў Руцкі Шыш, ротмістры Бабоўскі ды Дабрамірскі, Самуэль Маскевіч ад ліцьвіноў прынялі ад маскавітаў з Царова Займішча