Аркадзь Ліцьвін

Дыплом на царства


Скачать книгу

з ім біліся са значнымі стратамі, а на трэці ён, гетман, узнёс перад лагерам дзве невялічкія фартэцыі і адтуль моцна нам шкодзіць абстрэлам. Так што адрэзаў адыход хоць бы да Мажайска, а ў нас голадна.

      Ад'ютант міжволі пакруціў галавой. Вось табе і перакрылі шлях на Мажайск, толькі не Валуеў з Елецкім, а спрытны гетман.

      – Пра голад ты ўжо казаў, – пакрывіўся Шуйскі. – Заўтра—пазаўтра вызвалім вас і ўсё наладзіцца. Але ж і самі не спіце.

      – Аднойчы мы ўсё ж выбілі іх з таго, як яны называюць, форту і пастралялі нямала, – як на апраўданне сказаў пасланец.

      – Вось бачыш, – удабрухаўся князь. – І пастралялі. А ты кажаш… Ад’ютант паспяшаўся на дапамогу ганцу.

      – А якія ж, насамрэч, сілы ў гетмана? Ці што выведалі?

      – Ад таго ж перабежчыка, – узрадаваўся дапамозе пасланец. – Апроч уласнага палка гетман мае яшчэ тысячы чатыры.

      Князь спахмурнеў. Не шмат палонных згорнеш з такой гурмы. Што гэта супраць ягоных тысяч. Але недзе ў душы варушыўся непакой. Прыгадваліся тыя палкі і міжволі бачылася шчэць пахіленых коп’яў ды бляск панцыраў за імі. Не збераніна там, з бору па сасёнцы, прасці Госпадзі. Але князь не паддаўся заўчасным страхам. І ў яго замежнік не саступіць гетманскім, калі яшчэ не пераўзыйдзе ўмельствам. Адно не перастарацца з вынішчэннем… – Дык ён лічы ўсіх і сабраў пад Займішча, – выказаў князь агульнае меркаванне.

      Незаўважна для самога сябе канчаткова пазбыўся дрымотнага стану і хацеў большага ўдакладнення. Цешыў перадсмак перамогі.

      – Падобна, святлейшы, гетман нікога больш не чакае. Так гаспада нашы, Валуеў і Елецкі загадалі перадаць.

      – Што ж, мы на тое і разлічвалі, – ласкава прамовіў князь. – Я ж казаў, што кароль не расшчодрыцца на войска гетману.

      Шуйскі павярнуўся да ад’ютанта нібы за прызнаннем яго, князя, прадбачлівасці і вайсковай мудрасці.

      – Так, святлейшы, – пацвердзіў баярын. – Калі неадкладна рушыць, то Жулкеўскі будзе заціснуты ў абцугі. Мясцовасць паспрыяе такому манэўру.

      Князь пакрывіўся. Панабралася моладзь ад тых немцаў са шведамі розных слоўцаў.

      – Менавіта тады і дачуліся, што набліжаецца войска вашай міласці,– працягваў ганец. – То гаспадзін Валуеў і вырашыў прасіць паспяшацца.

      – Усяму свой час, – урачыста прамовіў князь. – Усё ў цябе?

      Зрабілі адну вылазку, то збяруцца і на другую. Зоймуць гетмана. Але пасланец выклаў яшчэ не ўсё.

      – Паведамляе ваявода, што з порахам і кулямі няблага, – заспяшаўся, баючыся, што князь спыніць, – але ж людзей і коней у лагеры даволі, а ежы і нават вады не стае. Трымаецца, але чакае загадаў. Гэта хіба ўсё, святлейшы.

      Князь крактануў задаволены. Анічога страшнага. Вернецца пасланец з добрымі весткамі, то і голад сцерпіцца, а праз дзень—другі ўсё будзе найлепш.

      – Значыць так і перадай: заўтра—пазаўтра будзем піць гарэлку ў вашай крэпасці, а гетман будзе нам кубкі падаваць, – ён зарагатаў. – А ліст гэты забірай, хай вам будзе напамінкам пра страхі непатрэбныя.

      Ад’ютанту адно стаўленне святлейшага