пакуль не выведае…Хоць бы і таму варта сплываць з вачэй… – Пытаюся, бо хачу ведаць, – даволі рэзка выказаўся Зарудзкі.– Ты ж там быў паблізу. Чамусьці гэтым разам атаман не адсылаў сведкаў. Калі хацеў зацікавіць, то дабіўся жаданага.
«Натапырылі вушы як зайцы», падумаў Жарскі і нядбала патлумачыў: – Не так і блізка. Але наша харугва сапраўды за Шуйскім палявала. Толькі ўсё марна… – Але ж пан нібыта хваліўся з п'яных вачэй… – паспрабаваў Пляшчэеў.
З'едлівая ўсмешка пакрывіла вусны шляхціца.
– Часта вы мяне бачылі п'яным, атамане? – ён наўмысна звярнуўся не да Пляшчэева.
Завісла нязручнае маўчанне. Выключная стрыманасць Жарскага даўно была прыказкай. Зарудзкі крактануў. Злаваў, што выступ Пляшчэева прыляпілі яму, атаману.
– Прыдалася б нам тая цацка, – памяркоўна прамовіў, нібы да ўсіх. – Шмат жа талдычылі, што статуй хітраму Льву трапіў. Звёз, ці закапаў недзе? Розныя чуюцца байкі.
– Тут я нічым не дапамагу, – рашуча адказаў Жарскі, але адчуваў, што атаман не верыць.
– Добра, – падвёў рысу Зарудзкі. – Пра гэта іншым разам. Шмат пільнейшых спраў.
Дыплом на царства!
З цяжарам на сэрцы набліжаўся гетман Жулкеўскі да Смаленска. Няблага разжыўся на маскоўскай кампаніі. Атрымаў собаля, хоць і не ад Дэлагардзі, і на дадатак пса для палявання на мядзьведзя. Не атрымаўшы грошай ад Рэчы Паспалітай, клаў на войска ўласныя, але маскавіты абавязаліся заплаціць жаўнерам гетмана са свайго скарбца. Толькі не цешыла здабыча амбітнага ваяра. Адчуваў сябе калі не абкрадзеным, то падманутым у надзеях.
Везучы з сабою вяльможных палонных, пакідаў Маскву, не спадзеючыся вярнуцца. Не верылася гетману, што ўдасца пераканаць караля зацвердзіць дамову і такім чынам уратаваць царскую карону для Уладыслава. Але далей не яго клопат. Каму даручыць справу кароль, цяжка гадаць. Можа Льву Сапегу? Усё ж ёсць спосабы пакарыстацца Масквою! Каралевіч сапраўды недасведчаны, але хто стане рэгентам, вырашаць не самім баярам, а каралю Жыгімонту. Можа і выпадзе шчасце—няшчасце вялікаму канцлеру Княства. Нельга ж адмовіць, што вайну зладзіў менавіта ён з хаўруснікамі. Біўся за яе на Сойме, пераконваў, а мо і падкупіў, каго далося, дапяў свайго. Праўда і кароль ішоў у сукурс намерам хітрага ліцьвіна, хоць з уласнымі мэтамі. Але не выключана, што выбера якога—небудзь апантанага езуіта. Тады справа дрэнь! Гетман Жулкеўскі з'явіўся пад Смаленскам неўзабаве ўслед за баярскім пасольствам. Вялікі канцлер сустрэў гетмана з падкрэсленай зычлівасцю.
– Што прывезлі Найяснейшаму пану?
Жулкеўскі разумеў, што Леў Сапега чакае ўдакладненняў таго, пра што чуў ці здагадваўся. Моўчкі падаў скрутак пергаменту з некалькімі пячаткамі. Леў Сапега чытаў уважліва і няспешна. Кожнае слова было важным.
– Дыплом на царства! – урачыстым голасам акрэсліў вагу дакумента. – Ад шчырага сэрца віншую яснепана з выключным поспехам на ніве дыпламатыі, што не часта здараецца знакамітым ваярам. Гэта вялікае суцяшэнне ў параўнанні з тым, што маем тут!
– Але ці кране гэта параўнанне ваярскае