Аркадзь Ліцьвін

Дыплом на царства


Скачать книгу

думку ў сваіх хаўруснікаў—шведаў, – вылез не вельмі разумна нехта ззаду.

      Жыгімонт ледзь заўважна пакрывіўся. Усялякі напамін пра рэлігійныя завастрэнні на сваёй радзіме перажываў востра, хоць і стараўся не паказваць.

      – Пра такі звычай не можа быць мовы, – перасцярог сурова. – Дастаткова будзе абыходзіцца з маскавітамі паводле таго ладу, якім падлягаюць волі сваіх паноў.

      Натуральна, ці мог новы крыжак Жыгімонт адступіцца ад сваёй задумы. Цень Лаёлы ўзносіў над ім сваё бласлаўленне. Нецяжка было скеміць, што адыход ад маскавіцкай улегласці пацягне жаданне яшчэ большай волі. А ці ўтрымаеш тады Крэмль ды Смаленск?

      – Вялікакняская шапка Масковіі ў нашых руках – найлепшае забеспячэнне яе рэлігійнага адраджэння, – зазначыў як неаспрэчнае прымас. – Што да пакарання, то і гэта будзе вызначацца Найяснейшым панам згодна з маскоўскай традыцыяй.

      Кароль задаволены кіўнуў. Прымас ледзь не даслоўна пераказаў яго меркаванне, выказанае апостальскаму нунцыю Сыманэту* для паведамлення Рыму. Толькі казалася пра шапку на яго, жыгімонтавай, галаве. І ўскладзеную без папярэдніх умоў, як вынік вайсковай перамогі.

      Гетман адчуваў сябе бездапаможным у гэтых тэалагічных спрэчках. Нібы вярнуліся часы крыжовых паходаў, а палітычныя мэты і цвярозыя высновы саступілі заклікам і сімвалам веры.

      «Нічога вы не атрымаеце, шаноўныя, – падумаў ён, аглядаючы зацятыя твары і выцягнутыя ў нітачку вусны слуг Божых. – Ані абшараў дзеля пашырэння слова Божага ў вашым тлумачэнні, ані гурмаў нованавруцоных. Патаўчэце ваду ў ступе, лаючы Жулкеўскага, а пасля пабяжыце, не азіраючыся, да Варшавы, да Кракава. І дай вам Бог дабегчы цэлымі.»

      Павёў вачыма па нерухомых постацях святароў са складзенымі ў пальцах далонямі. Погляд зачапіўся за скрутак пергаміну на ўскрайку стала. Лёгкі скразняк ці рух паветра ад нейчыяй адзежыны гайдануў яго.

      “ Ну і куды зараз гэты дыплом? Зваліцца дзе і затопчуць, як анучу, а колькі сіл і крыві спатрэбілася, каб яго здабыць! Вось табе і “Хрэст цалавала сталіца!” І сам жа прыклаўся, як належала.”

      Кароль палічыў далейшую дыскусію непатрэбнай.

      – Дзеля слушных прычын не дапушчу, каб мой сын быў маскоўскім царом! Яснавяльможны пан гетман павінен быў разумець і кіравацца гэтымі прычынамі! Sublata causa, tollitur efectum, паколькі прычына адпала, дзеяння не паследуе, – закончыў Жыгімонт, як прыпячатаў.

      Леў Сапега палічыў справай гонару хоць добрым словам выказаць сваё спачуванне гетману. Застаўшыся сам насам маглі размаўляць амаль як аднадумцы.

      – Пан Бог гвалтам суе гэта гасударства каралю ў рукі, а яны ці то з няўмельства, ці скупасці і ўпартасці гвалтам адпіхаюць.

      – Думаю, – азваўся гетман, – ці няма тут злога дзеяння.

      – І такое не выключаецца, – пагадзіўся канцлер. – А якія прыбыткі маглі б мець… І палітычныя і гаспадарчыя… Дастаткова краіне суцішыцца і ўсе яе скарбы выйдуць на торг. Ці ж блага было б на тым торжышчы мець прывілеі і пяршэнства?

      Жулкеўскі