Фларыян Чарнышэвіч

Надбярэзінцы


Скачать книгу

наступнага перапынку Віктар, старэйшы Кантычкаў сын, Казік Здановіч і Ясь Ладан пайшлі на могілкі і чакалі там, пакуль не заняўся світанак, і тады ўдарылі ў звон.

      У хаце тым часам усе ўсталі, стоўпіліся вакол стала і ўрачыста заспявалі:

      – Свята светлага ўсе мы жадалі і нарэшце яго прычакалі, бо сягоння Хрыстос уваскрос, алілуя!

      І сэрцы людскія затапіла радасць, дзякуй Богу за яе і хвала Яму. Галасы ўзрушана трымцелі, у вачах стаялі слёзы, а душы ляцелі ўслед за ўваскрэслым Езусам на неба, дзе сівенькі Найсвяцейшы Старац, убачыўшы адзінае Дзіця сваё, што да Яго вярталася, распраменіў твар свой і расправіў плечы, а атрады салодкіх анёлаў гралі на жалейках, лірах, арфах, кідалі Яму пад ногі кветкі дзівосныя, слалі пальмавыя галінкі, кадзілі ладанам і хорам спявалі алілуя. Алілуя! Да самога Божага трону імкнулі цяпер душы смалерчукоў, а яшчэ да сваіх блізкіх, якія ўжо на тым свеце былі, а потым вярталіся да радасцяў Вялікадня ў Смалярні, да яек свянцоных, варэнікаў, вэнджанай свініны, фаршыраваных парсюкоў, салодкіх сырнікаў і макароны на малацэ, да гульні ў біткі, да музыкі, танцаў і да суседскіх гавэндаў.

      У хату ўсё заходзілі і заходзілі людзі, усе да аднаго смалерчукі, спяшаючыся на першую супольную пацеху. Са світаннем пачалі з’яўляцца і хутаране з ваколіцы. Яны пераважна прыязджалі на конях, бо ў такое разводдзе цяжка было дабрацца да Смалярні іначай.

      Аж да ўзыходу сонца і яшчэ далей спявалі велікодныя песні, а потым пачалі свянціць – пазносілі кашы ў вялікі пакой, паставілі радамі на лавы і адкрылі ўсе. Кантычка надзеў комжу, памаліўся на лаціне па кнізе, потым распусціў бутэлечку свянцонай вады ў місе і шчодра пакрапіў Божыя дары. Скончыўшы цырыманіял, павярнуўся да натоўпу і гучна прамовіў:

      – Хрыстос уваскрос!

      – Сапраўды ўваскрос! – хорам адказалі людзі.

      І пачалі хрыстосавацца. Некаторыя цалаваліся згодна з рускім звычаем. Хлопцы кінуліся да дзяўчат, патрабуючы велікоднага пацалунку, але тыя збольшага пагарджалі гэтым звычаем і называлі яго мужыцкім.

      Косцік і Стах падышлі да Карусі Сакалоўскай:

      – Хрыстос уваскрос!

      – Сапраўды ўваскрос! Толькі без пацалункаў гэтых, – салодкім галаском адказала стройнае дванаццацігадовае стварэнне з бледным тварам і цёмнымі бровамі.

      – Без твайго дазволу не буду, – паабяцаў Косцік.

      Яна падала яму руку і спытала, ківаючы на Стаха:

      – А гэта чый хлопец?

      – Гэта Балашэвічаў Стась, пра якога я табе расказваў, у Вончы разам вучымся.

      – А, той самы! Можа, ужо танчыць?

      – Не танчыць і вучыцца не будзе, – адказаў за Стаха Косцік, – бо думае на ксяндза ісці.

      – На сапраўднага ксяндза?

      – Так, на такога, які спавядае.

      – А-а, ну, калі так… – яна пільна ўгледзелася ў Балашэвіча. – Тады, можа, і ў біткі нельга?

      – У біткі можна, – адказаў Стах.

      – Можна? Тады стукнемся з табою па абедзе.

      – Ды я… стукнемся.

      Вакол дзяўчат чуліся вітанні, патрабаванні пацалункаў,