Фларыян Чарнышэвіч

Надбярэзінцы


Скачать книгу

пасядзелі ў цені дрэваў, а некаторыя хлопцы дык без адпачынку далей рушылі.

      На гасцінцы грукаталі колы і раіліся людзі. На вялікі фэст ішлі ўсе класы і саслоўі. Працэсія ў Бабруйску цвердзіла сілу польскага народу над Бярэзінай, яго штогадовае яднанне, гартаванне духу і патрыятызм. Адна за другою цягнуліся пешыя калоны, а яшчэ шнуры каламажак з простым засцянковым людам і шляхтаю, вялізныя параконныя фурманкі з маёнткаў, у якіх змяшчаўся тузін парабкаў, элегантныя брычкі заможных хутаран і раскошныя экіпажы магнатаў. Чым бліжэй было да горада, тым цясней на гасцінцы.

      Перад змярканнем пілігрымка смалярскай моладзі на паўгадзіны спынілася ў Зялёнцы. У хмызах пры гасцінцы ўсе абуліся, абтрэслі пыл, прывялі сябе ў парадак і не марудзячы рушылі далей, каб трапіць на кватэру ў горадзе загадзя.

      Фурманкі і пешыя калоны цягнуліся праз усю дарогу шчыльным гужам.

      Ужо праз чвэрць гадзіны Бабруйск паказаў смалерчукам свой твар. Па шырокай лагоднай плыні Бярэзіны перасоўваліся пасажырскія параходы, таварныя баржы і падарожныя чаўны. За нейкія паўвярсты ўлева быў жалезны мост – апошняе слова тэхнікі. За ракой, на спуску з пантоннага моста, якім яны ішлі, стаяла высокая цагляная вежа. Па абодвух яе баках зелянеў прыгожы сад, поўны клёнаў, таполяў і бяроз, а між імі хавалася крэпасць. За садам высока ў неба ўзносіліся магутныя радыёантэны.

      Бабруйск быў горад немаленькі і раскрываўся павольна, асабліва з боку ракі.

      Да падзелаў Польшчы ён амаль нічым не вызначыўся, бо быў тады малазначным мястэчкам. Стараверы са Старога Круку расказвалі, што даўным-даўно, калі яшчэ не было на свеце прыгону, на месцы цяперашняй крэпасці стаяла руская вёска, жыхары якой разам з пчалярствам займаліся вырабам бабровых футраў, і тое рамяство дало іх паселішчу назву Бабруйск. Яшчэ расказваюць, нібыта за часамі князя Васіля ля той вёскі быў маёнтак, а за «крулём Баторым» на слуцка-магілёўскім гасцінцы ў Зялёнцы грэблю насыпалі, карчму пабудавалі і два паромы. Вось і ўсё.

      Мястэчкам Бабруйск перастаў быць толькі ў XVIII стагоддзі. Падчас безгалоўя ў Рэчы Паспалітай царыца Кацярына, запусціўшы захопніцкія кіпці ў цела краіны, умацавала гэтае мястэчка на буйным тракце і ператварыла яго ў збройню для сваіх войскаў.

      І з таго часу Бабруйск пачаў хутка расці. Некалькі разоў яго руйнавалі пажары, бо са стратэгічных меркаванняў тут доўга не дазвалялі ўзводзіць мур, але пасля кожнага няшчасця дамоў тут будавалася ў два разы болей, чым было. Цяпер гэта вялікі горад – павятовы, праўда, але шмат у чым губернскім не саступае. Праз яго праходзіць разбітая варшаўска-маскоўская шаша, важная дзвюхкалейкавая чыгунка, а яшчэ наладжанае воднае злучэнне з вялікімі гарадамі. Будынкі тут пераважна драўляныя, што звычайна для крэсаў, але хапае і прыгожых шматпавярховых камяніцаў. Ёсць шыкоўныя вуліцы, дзе ходнікі выкладзеныя мазаікай, вялікімі, як вітрыны, вокнамі, якіх сяляне лякаліся, выйшаўшы з лясной глушы. Відаць, яшчэ ў 1908 годзе Бабруйск, апроч войска, якога ўсё яшчэ кватаравала тут шмат, і прылеглых прадмесцяў, налічваў пяцьдзясят тысяч жыхароў. Ільвіную долю, як заўжды, складалі габрэі, потым ішлі прыезджыя маскалі, стараверы