любоў, і жыве ў ім душа.
XV. Ад’езд у Амерыку
У Смалярні вялікая сям’я Балашэвічаў пачала рассыпацца, драбіцца. На Пятра адна з паненак выйшла замуж. Пасля сяўбы азімага жыта Уладзь з Браніславам з’ехалі ў Амерыку. У пачатку зімы пайшла замуж другая сястра. Падчас Вялікага Посту памерла старая. На Вербніцу памёр дзядунька. Праз тыдзень Ян з Марцінам падзялілі гаспадарку і зямлю: Марцін пасяліўся пасярод засценка, Ян – з краю.
Стахаў лёс не перасяклі дарогі, пра якія ён марыў, вучачыся ў ванчанскай школе. Ні бацьку, ні сыну не прыйшло ў галаву загадзя даведацца пра ўмовы і правілы прыняцця ў сярэднія школы. Яны думалі, што будзе як у Вончы: прыехаў, запісаўся, атрымаў кнігі і вучыся сабе. У Бабруйскую гімназію Стах прыехаў ужо ў час уступных экзаменаў, зусім не рыхтуючыся, і, безумоўна, прыняты не быў. Каб не губляць год, паступіў у двухкласную школу ў Бірках, кіраўнік якой запэўніў, што, правучыўшыся зіму ў яго, хлопец трапіць адразу ў другі клас гімназіі, а за асобную ўзнагароду браўся нават сам улагодзіць усе звязаныя з паступленнем фармальнасці. Але вясною бацькі засумняваліся наконт далейшага навучання сына. Іх палохаў кошт утрымання гімназіста ў вялікім горадзе, які для іх гаспадаркі, падарванай пасагам дзвюх сясцёр, а перад тым яшчэ і падзеленай, здаваўся непад’ёмным цяжарам. Да таго ж хлопец быў патрэбны на зямлі – яны не маглі дазволіць сабе парабка.
Яны пагаварылі, разважылі і напісалі Уладзю з Бронікам. Прасілі нібыта парады, але адначасова дамаўляліся пра дапамогу, калі яна раптам спатрэбіцца.
Адказ прыйшоў з прапановай адаслаць Стаха ў Амерыку.
«Прысылайце смаркача да нас, – пісаў Уладзь. – Тут мы яго вывучым на каго толькі захоча, усялякія школы ёсць, гімназіі, вольнасці навучальныя, на любой мове, абы добра было. Давайце сюды малога, мы яго ў вялікія людзі выведзем, а нам весялей будзе».
І праз тыдзень даслалі сто пяцьдзясят рублёў на дарогу.
Пачуўшы пра паездку, Стах загарэўся. Бацька таксама згадзіўся. Маці спачатку працівілася, але потым здалася. Трэба было толькі знайсці хлопцу сярод знаёмых старэйшага таварыша ў падарожжа, бо Стаху яшчэ і трынаццаці не было. Акурат тады Балашэвічы дазналіся, што вясною ў Амерыку едзе Стахаў сваяк па маці з ваколіцаў мястэчка Бярэзіна, і вырашылі пачакаць яго.
У гімназію, зразумела, паступаць ніхто не пайшоў – Стах застаўся дома пры гаспадарцы. Зімой у вольны час ён дапамагаў Казіку весці школку альбо зачытваўся раманамі і марыў пра краіну сваёй будучыні. Вясной кожныя два тыдні наведваўся да дзядзькі і намаўляў хутчэй ехаць, бо той марудзіў, адкладаў увесь час на наступны месяц, вагаўся. Стах пабойваўся, што той перадумае і зусім адменіць абяцаны ад’езд.
Але ўрэшце дзядзька рашыўся – заплаціў габрэю-пасярэдніку кошт падарожжа і разам з ім вызначыў тэрмін выезду. З прычыны вялізнай адлегласці паміж іхнымі дамамі сваякі дамовіліся, што дзядзька не будзе зазіраць да Смалярні, а паедзе адразу ў Бабруйск, куды Балашэвіч прывязе