Фларыян Чарнышэвіч

Надбярэзінцы


Скачать книгу

там паснедалі і праз гадзіну вярнуліся. Служылі галоўную, урачыстую, імшу. У касцёле і на пляцы цісканіна была жахлівая. Два шэрагі польскіх жаўнераў з бабруйскага палка і цывільных мужчынаў, стоячы плячо да пляча, перагарадзілі праход ад брамы на пляцы аж да прэзбітэрыя ў касцёле. Гэтым праходам карысталася духавенства, чальцы Камітэта і магчымыя ўдзельнікі ўрачыстага шэсця. Таксама праз яго выносілі жанчын, калі якая самлее. Працаўнікам арганізаванай канонікам неадкладнай дапамогі продыху не было.

      Косцік скіраваўся ў закрыстыю, а Стах застаўся на пляцы.

      А палове на дванаццатую загучалі званы. Натоўп калыхнуўся, трыманы кардонам праход да касцёла пашырыўся, і адтуль пачала выходзіць працэсія.

      Наперадзе ішоў сівенькі стары ў комжы, несучы драўляны крыж з Мукай Гасподняй. За ім на адлегласці пятнаццаці крокаў выйшла калона такіх самых старых, у комжах і з запаленымі свечкамі ў руках. Сярод іх быў і смалярскі Кантычка.

      Услед за старцамі, ідучы на такой самай адлегласці, Казік Здановіч і Ясь Ладан вынеслі дзве харугвы з выявамі арханёлаў Міхала і Габрыэля.

      Затым пранеслі харугву Найсвяцейшай Тройцы, у гонар якой быў асвечаны касцёл,[11] з мноствам белых і амарантавых стужак. Гэтую харугву нёс семінарыст – выхаванец каноніка, а стужкі – найпрыгажэйшыя жыхаркі Бабруйска.

      Следам выплылі чародкі дзяцей, у якіх было сёння першае прычасце: спачатку дзяўчаткі ў белых сукенках з пабожна складзенымі ручкамі, потым хлопчыкі з кнігамі.

      За дзецьмі шляхцянкі з маёнткаў вынеслі абраз Маці Божай Майскай,[12] апавіты жывымі кветкамі і зёлкамі, а далей пайшлі атрадамі адборныя юнакі і дзяўчаты – прыгожыя, у самым соку: сто дваццаць дзяўчат – кожная ў белым, з вэлюмам на галаве, з лілеяй у руцэ, – сорак хлопцаў-гімназістаў у мундзірах з пазалочанымі гузікамі і ўрэшце сто смуглявых хлопцаў, апярэзаных тальмахамі. Сэрца стукала, грудзі разрываў гонар ад таго, што на крэсавых землях столькі красы і сілы ёсць, столькі абаронцаў веры, прыхільных задуме святой каралевы Ядвігі.

      А потым уперамешку пайшлі штандары з незлічонымі стужкамі, лес харугваў, выявы і скульптуры святых дастойнікаў. Усё было ўбранае ў квецень і зелень, усё ў атачэнні моладзі ў белым.

      Калі яны ўсе прайшлі, на пляц ступіла духавенства. У першых дзвюх чацвёрках – семінарысты і вікарыі з дэканатаў і большых парафіяў. Потым – пробашчы: глускі, старадарожскі, асіповіцкі, шацкі, блонскі, бярэзінскі, свіслацкі, шклоўскі, быхаўскі, жлобінскі, шацілаўскі і парыцкі. У апошняй – дэканы: слуцкі, ігуменскі, рагачоўскі і рэчыцкі.

      Затым ксёндз канонік Красінскі, праваруч ад якога ішоў магілёўскі дэкан – ксёндз Святаполк-Мірскі, а леваруч – царскі саветнік Несмяртэльны, самы высокапастаўлены чыноўнік краю, нёс святочную дараносіцу. Косцік Васілеўскі і трое яго аднагодкаў, усе ў карункавых комжах з чырвонымі накідкамі, трымалі на імі балдахін. Ксёндз пробашч Буйноўскі кадзіў перад імі, а чатыры маленькія дзяўчынкі сыпалі пад ногі кветачкі, увесь час прысядаючы. За імі ішоў аркестр з вялізным хорам, якімі дырыжаваў мясцовы капелан. Яны гралі й спявалі хвалу Найсвяцейшаму Таемству.

      А