Фларыян Чарнышэвіч

Надбярэзінцы


Скачать книгу

бацька з сынам.

      Неўзабаве яны напаткалі шэраг гарадскіх фурманак, а тыя нібыта ад кагосьці ўцякалі: несліся – аж колы падскоквалі. Балашэвіч паспрабаваў таго-сяго затрымаць і запытацца наконт прычыны такой спешкі, але на ягонае маханне рукой у найлепшым выпадку не звярталі ўвагі.

      З горада тады акурат вяртаўся ямчанін Паклацкі, які пазнаў іх, сам спыніўся і загаварыў першы.

      – Хай будзе пахвалёны Езус Хрыстус, – сказаў Паклацкі.

      – На вякі вякоў, амэн, – адгукнуўся Балашэвіч.

      – А што, да места якраз выбраліся?

      – Так, вось хлопец да Амерыкі едзе.

      – Хлопец? Да Амерыкі? Ат, дадому паварочвайце тады.

      – Дадому? Што зрабілася?

      – Вайна пачалася. Гаварылі пра яе людзі, гаварылі і ўгаварылі.

      – Вайна… Няўжо праўда? А пан не брэша?

      – Ей-богу, вайна. З немцамі і аўстрыякамі. З запасу прызываюць аж да сарака гадоў. Калі мне не верыце, дык едзьце, самі паглядзіце, якая ў горадзе калатнеча.

      – Вось табе і маеш… вось і выбраліся, вось і даехалі. Гэта ўсё праз дзядзьку, так, сынку, праз яго. Няхай цяпер скача, калі такі разумны, – бедавалі абодва Балашэвічы, наракаючы на сваяка за марудлівасць.

      І паехалі далей, каб удосталь яго аблаяць.

      Горад кіпеў. Ваенныя пасланцы-паліцыянты бегалі ў розныя бакі як апантаныя. Штохвіліны вуліцу пераходзілі ўзмоцненыя патрулі. Цывільныя з сур’ёзнымі тварамі пхаліся, спяшаліся, азываліся каротка і нібыта ў ліхаманцы. Каля свежанаклееных абвестак на імгненне спыняліся і беглі далей. Газетчыкі дралі горла:

      – Вайна! «Кур’ер»! «Тэлеграма»! «Биржевые ведомости»! Вайна! Мабілізацыя! Рэквізіцыя!

      Чыгуначныя станцыі бесперастанку пішчалі гудкамі.

      Манаполькі і рэстарацыі зачыніліся. Пры першых нават стражнікі стаялі. Асцерагаючыся хваляванняў, многія гаспадары замкнулі крамы і фабрыкі. У адкрытых цэны падскочылі ўдвая.

      Дзядзька проста не прыехаў – мабыць, навіна пра вайну сустрэла яго ў дарозе.

      Пасярэднік пацвердзіў, што пра выезд гаворкі быць не можа, але грошы паабяцаў вярнуць толькі праз суткі, калі атрымае іх у касе свайго таварыства.

      У такі час у горадзе можна было лёгка трапіць у непрыемнасці, Балашэвічы хуценька купілі што хацелі і як мага хутчэй выехалі ў Зялёнку – на знаёмы двор, што стаяў убаку ад дарогі.

      Мінула амаль двое сутак, а грошай ад габрэя яны так і не дачакаліся і рушылі ў Смалярню.

      Насуперак прадказанням мясцовых палітыкаў пра непаслушэнства ў выпадку мабілізацыі, рэзервісты ішлі ахвотна і вялікімі натоўпамі. Гасцінцам плыў бясконцы абоз. Частка ехала на паліцэйскіх і грамадскіх фурманках, частка – на ўласных, разам з братамі, сынамі і жонкамі. Па наваколлі разляталіся бадзёрыя полькі на гармоніках, падколкі, прыпеўкі і кляцьба на адрас немцаў. «Шапкамі германцаў закідаем! – крычаў натоўп. – Усыплем ім, машэннікам, за цара за нашага! З семем іх зніштожым, на край свету, на Сахалін загонім!» Але ўвогуле, у параўнанні са звычайнымі рэкруцкімі зборамі, што праходзілі ўвосень, рэзервісты трымаліся даволі прыстойна,