Васіль Якавенка

Пакутны век. Трылогія


Скачать книгу

як не з дзіцячым захапленнем. На ёй была белая вышываная блузка і белая, у кветкі спадніца, на шыі – мысюры, гэта значыць пацеркі… А Маня – у блакітнай крамнай сукенцы з карункавай тонкай аздобай на рукавах і каўнерыку.

      – Ай артысты, ай артысты! – усміхалася Ганна. – Глядзі, доню, які ў цябе татка… Мастак!

      Яны прайшлі, прасачыліся праз такі стракаты і квяцісты натоўп аднавяскоўцаў бліжэй да аркестра. Цяпер ім добра былі відаць твары артыстаў, як іх назвала маці. Побач апынулася суседка – маладая, з гонкім станам жанчына, якую звалі Германкай.

      – Ге! – весела ўсклікнула яна і кіўком галавы паказала на дырыжора. – Ці пазнаеш, Ганя? Бач, колькі самалюбства і гарту – як у шляхцюка!

      – Не кажы!.. Цягнуў ён мяне: «Ганя, прыходзь абавязкова, паглядзіш, на што здольны тутэйшыя!» – маўляў, не ўсё палякам баль ладзіць – і мы сябе пакажам!

      – То – пэўна, не абсеўкі ж і мы, не з гліны злеплены. – Германка дакранулася да акуратна прычэсанай Манінай галоўкі; рука ў яе, як і ў мацеры, была цупкая, бы з дроту. – І табе, малеча, уцеха-пацеха! Ото ж, глядзіш на ўсе вочы!

      Але наўрад ці ўслухоўвалася Маня ў тыя суседчыны словы. Бацька ж, яе бацька – мастак! – быў блізка. Праходзячы міма з аркестрам, ён падміргнуў ёй, і яго круглявы твар асвяціўся вясёлай усмешкай. Для Мані гэта былі хвіліны ўтрапення і быў гонар за бацьку. Пры гэтым усю яе дзіцячую істоту паланіла музыка; яна лілася і ўскідвалася ўгору каскадамі, дзівосная музыка медных труб!

      Ад лагоды дзяўчынка заплюшчвала вочы. Напэўна, уяўлялася Мані, што яна лунае на мілагучных хвалях, нябачных і пругкіх, – над шатамі дрэў, над прасторай мястэчка.

      Гэтую ўцеху з бацькавым аркестрам яна потым згадвала не раз, калі бегала паўз возера да яго ў спулдзельню з уражлівай навіной:

      – Татка, шчупака спаймалі!

      Назіраць з берага, як рыбакі закідваюць, а потым выцягваюць з вады нерат, было яе любімым заняткам. Ад страшнай цікаўнасці да таго, што за дзіва трапіла ці трапіць у сетку з таямнічых глыбіняў, яе аж дрыжыкі прабіралі; і сама яна, не раўнуючы, як рыбіна, ускоквала, ставала на дыбкі і цягнулася ў брэдзень. Пры добрым улове мужыкі вясёлым і дапытлівым позіркам акідвалі дзіцячы натоўп на беразе, спыняліся найчасцей на ёй:

      – Бяжы, Манька, па бацьку! Барзджэй…

      Барыс Рамановіч любіў купляць адборную рыбу і купляў найчасцей шчупакоў. Аднойчы ж прынёс вусатага сома, ды такога вялікага, што дома не ведалі, які цабэрак для яго падабраць. Укінулі ў балею з вадой, і ён ажыў, баўтануўся ды ўвесь у пырсках выскачыў на падлогу, не на жарт напалохаўшы Маню, якая стаяла побач, назіраючы, як варушацца яго срэбныя плаўнікі і вусы…

      Але за святамі і россыпам сямейных уцех была праца і былі будныя дні. Здарылася так, што Барыс, павялічыўшы свой капітал на вырабе чарапіцы, прыкупіў у пана Юргенсана яшчэ кавалак зямлі ў пойме Ясельды і цяпер меў поплаў. Яму, аднак, не ставала часу і, калі шчыра, ахвоты займацца сялянскаю працай, таму гаспадарку вяла Ганна.