мы цябе і не пазналі – нешта схуднеў, знябыўся – можа, Ганя цябе дрэнна корміць?
– А няўжэ ж…
– То ці не Хвілюсіха гэтак цябе абсмактала?
– Жывы аб’едак!
– Барыс а Барыс! У цябе такая спраўная жонка і дачка – ну як чарнічка-сунічка лясная. То ці ёсць у цябе, таткі, сорам?
– Бач: антыхрыст! Нават вачэй не хавае!..
– Пабойся Бога, Барыс!
І далей, і далей – што называецца – пагналі храпку на Івана. Напор жаночых з’едлівых і па-свойму зычлівых пачуццяў быў такі, што яму ажно млосна зрабілася, і ў агульным тым хоры ён ужо не спрабаваў нават усвядоміць сабе, што чаўпе на яго найбольш агрэсіўная тут Германка. Барыс нешта спрабаваў тлумачыць і супакойваць жанчын:
– Ну што вы гэтак уз’еліся на мяне?
Маня ж слухала, што ён даводзіць, і тут жа забывала бацькавы словы – яны здаваліся ёй нязначнымі. Мані было вельмі сорамна, крыўдна і балюча за бацьку. А ўвогуле яна была ў стане здранцвення, калі ад страху замірае сэрца.
Адно толькі на фоне гэтага гармідару ёй бачылася суцяшальнаю і добраю – пастава дзядзькі Паўлюка. Ён стаяў збоку, назіраў за явішчам і ўсміхаўся, спакойна, нават весела. Ён чакаў, калі бура сунімецца, каб паабедаць.
А Маніна маці, усхваляваная і, мусіць, расчуленая такім напорам гурмы на яе чалавека, які пачаў хібіць, старалася схаваць свае пачуцці за звыклымі рухамі, працай – здымала з воза і адносіла да кустоў лазняку, дзе быў цень, кошыкі і глячкі з абедам.
Цётка Зося кінулася ёй памагаць, і неўзабаве ўвага жаночага корпуса да Барыса аслабла, пасыпаліся паблажлівыя жарты, скіраваныя на іншых асоб, і абед перацяў нарэшце тэму гаворкі.
Дадому з лугу, дзе віравала праца і затым віравалі вольныя і палкія пачуцці местачковай зборні, Барыс ехаў маўклівы, унураны. Мані падабалася, што бацька маўчыць.
Але ж праз дзень пасля гэтага надарэння Маня пачула ад бабы Аксінні, што ў іхнім доме збіраецца радзіна і што бацьку, яе бацьку Барыса, будуць біць. Потым бабуля дадала пагрозліва:
– Калі сын становіцца блудлівым катом, то яго варта прагнаць з хаты!
Маня слаба ўяўляла сабе, якая гэта падзея блізіцца, але ў любым выпадку яна не магла яе прапусціць. Як потым яна будзе тлумачыць свае паводзіны ў малалецтве, у ейным мозгу было штосьці такое, што прымушала яе скрозь круціцца-вярцецца і прыслухоўвацца, прыглядацца да людзей, да іхняга хаўрусу, каб усё-ўсёсенькі ведаць. Таму пад той час, калі збіралася сям’я і ўжо прыйшла маці і браты Ганны Мікалай і Павел, малая залезла пад стол у вялікім пакоі і стаілася за краямі абвіслага абруса.
Боты дзеда Пятра, як бачылася ёй адтуль, зрабілі колькі крокаў па падлозе і спыніліся каля стала; ён, пэўна, перахрысціўся на абразы, якія віселі ў куце, і ціха прамовіў:
– Мы ўсе ва ўладзе Усявышняга, і няхай дасць блаславенне Айцец міласэрнасці нашай і ўсялякага суцяшэння, каб мы маглі самі суцешыць тых, каго напаткала няшчасце.
Такі ўступ надаваў загадкаваму і трывожнаму моманту нейкую ўрачыстасць.
– У