вы чуеце той, мабыць, у сваёй душы.
– Пятро, – сказала Аксіння, – а ніхто ж і не ведае, куды той вялікі звон дзеўся.
– А чаму, уласна? Ведаюць… Знялі яго падчас расейска-шведскай вайны, каб Пётр І не забраў у пераплаў на пушкі. Тады гэта практыкавалася… І на сходзе вырашылі: Мікалая часова зняць са званіцы ды перахаваць. Для сховы перавозілі ў Тышкавічы. Праз возера. Адно не давезлі. Лодка перакулілася, і звон пайшоў на дно. Не выключана, што там і дагэтуль ляжыць, урослы ў глей.
Музыка ўздыхнуў:
– Нямы ён цяпер, толькі вы яго й чуеце.
І Піліп няма што яшчэ дадаў у роздуме:
– Можа, і я раней чуў…
Аксіння дакранулася да локця мужа, і той зварухнуўся:
– Дык пойдзем, хлопча, на фэст, на кірмаш… Дарэчы, – дадаў ён, ужо ідучы, – яблычны Спас святкавалі ў нас яшчэ да прыняцця хрысціянства. У гэты дзень, лічылі нашы продкі, спалучаюцца зямля і неба, былое і сучаснае, прычым жывыя перадаюць спачылым звесткі пра ўраджай, і не толькі. У сваю чаргу нябожчыкі клапоцяцца пра талан і шчасцейка для жывых. На гэтае свята сяляне папярэдне падсумоўваюць вынікі сваёй працы за лета. А ты, Піліпе, вольны чалавек?
Музыка падарыў ім яшчэ адну выбачліва-скрушлівую ўсмешку.
У адказ на яе Аксіння сказала:
– Калі бацюшка пройдзе па цвінтары і асвеціць садавіну, падыдзі, Піліпе, я пачастую цябе асвечанымі яблыкамі.
– Дзякуй за ласку…
Прастора ў царкве поўнілася пахам ладану, і, стоячы непадалёку ад алтара і ўдыхаючы гэты традыцыйны для царквы пах, Пятро Рамановіч слухаў хваласпеў святароў і назіраў за іх карагодам; на прастольнае свята сюды, да айца Георгія, іх збіралася цэлы тузін, калі не болей, з усіх прыходаў акругі. Пятро слухаў і цешыўся, як гучыць і пераліваецца лёгкім наплывам шматгалосы хор, як поўніць ён усю прастору да скляпення і як, узмоцнены сценамі, абвяргаецца зноў на кожнага, працінае наскрозь. На душы было хораша. Болей за тое, гаспадар Пятро ўзносіўся душою над усім, інакш кажучы, усё чутае, вядомае, існае прыўздымала ягоную душу, спалучала яе з жыццём продкаў і несла ад іх па рацэ часу далей і далей – аж сюды. Сваёй памяццю, унутраным пранікнём зрокам, ён бачыў у гэтым жнівеньскім свяце Спасе—Ратавальніку самавітае, шматаблічнае і трыумфальнае шэсце свайго народа, дэманстрацыю народам майстэрскіх здольнасцей, творчых і духоўных сіл.
На цвінтары, калі выйшаў, яму сустрэўся сын Паўлюк, энергічны, узбуджаны святочным настроем вялікай грамады, у якой не кожны, мусіць, табе сват ці брат, але ж усе свае, і было з кім перакінуцца вострым слоўцам ці жартам.
Яны прайшлі далей ад высокіх дзвярэй, адорваючы грашамі жабракоў, якіх тут сабралася нямала. І зноў жа, паводле падання, пададзеныя жабраку грошы ў гэты святочны дзень пераходзілі нябожчыкам, і тыя спрыялі, каб дабро стакроць адплочвалася дабром таму, хто дае.
Спыніліся каля музыкі Піліпа, скрыпка якога цяпер на поўны голас спявала, выяўляючы свет чаруючых мелодый і гукаў.
– Ты яго ведаеш, тата? – спытаўся Паўлюк.
– Чуў