Васіль Якавенка

Пакутны век. Трылогія


Скачать книгу

Зноў заспявалі ў некалькі галасоў.

      Да пшанічанька яра-а-а…

      – Чуеш? – сказала Аксіння. – Напэўна ж, і наша нявестачка ў тым карагодзе.

      – Няхай. Але ж як гучыць над возерам дзявочы напеў, пад высокім азораным небам!

      Мелодыя па-новаму чаравала. Яна вяртала Пятра і Аксінню ў сваю маладосць, не такую ўжо і далёкую, а толькі – як помняць сябе – сумесную, суладную; і прайшла іх маладосць праз выпрабаванні аж да гэтага дня, да гэтага самага Спаса, па вызначэнні – Ратавальніка; ім заўжды здавалася, што не будзе ёй скону.

      11

      Аднаго разу гаспадар Пятро зайшоў з нейкай нагоды на сынаву палавіну хаты. Маня ўжо залезла пад коўдру на ложку ды, прыгадваючы, перабірала ў памяці малюнкі мінулага дня.

      Прысеўшы на зэдлік, дзед прыгарнуў малую да сябе, пагладзіў па галоўцы. Мані запомніліся ягоныя словы:

      – Ты, унучачка, думная – досціпам ды спрытам не ведаю ў каго і ўдалася. Давай жа сходзім з табой да настаўнікаў – няхай падвучаць. Настаўнікі ведаюць адказы багата на якія пытанні, што цікавяць цябе. Чаму, напрыклад, сонца заходзіць? Або дзе вятры нараджаюцца?.. Яны ведаюць і добра тлумачаць. Ты згодная? Малайчына!..

      І сапраўды, павёў дзед такую малечу ў школу. А Мані тады было ўсяго чатыры з паловай гадочкі. У дзіцяці рана праклюнулася зярнятка ведаў, і дзед, напэўна, як спрактыкаваны гаспадар, як сейбіт і назіральнік за ўсім жывым, што на сялянскіх гонях з’яўляецца, пайшоў на эксперымент. Ён не хацеў упусціць зручнага моманту, каб перасадзіць тую семачку ведаў у глебу, дзе яна магла б замацавацца карэньчыкамі.

      Але Мані вучоба не спадабалася – мо таму, што ў настаўніка не было чым забавіць дзіцячае ўяўленне, а веды – не забаўка. Куды больш цікавы занятак меў яе дзед, і яна лічыла за лепшае не разлучацца з ім, глядзець, што ён робіць, вучыцца ў яго, памагаць яму. І ён пагадзіўся: школа няхай пачакае, пакуль дзяўчо падрасце!

      Неўпрыкметку мінулі два гады, і Маня ўжо не гублялася ў паўшэхнай (агульнаадукацыйнай для дзятвы) польскай школе, гаманкой, вясёлай. Адзінае, што наводзіла на яе жах на ўроках, дык гэта тоўстая лінейка ці нейкая іншая прылада ў руках настаўніка, якой ён час ад часу біў па далонях вучняў, каб тыя не ўтойвалі сваіх ведаў.

      Перад сном, калі праца ў доме ўжо заціхала, дзеду Пятру рупіла пагаварыць з унучкай. Ён ціха ўваходзіў у спальню, сядаў каля яе ложка:

      – Маня, ты спіш?

      Не-не… Нават калі б і спала, Маня адчула б дзеда сваёй тонкай скурай, бо ён у гэтым доме быў найвышэйшай асобай, ён быў за добрага духа, апекаваў яе і тату з мамай таксама. Ад дзеда і мамы заўжды чуліся цяпло і лагода. Аксіння, тая стаяла трошкі далей, хоць зазвычай і старалася дагаджаць унучцы. У будзённым жыцці яшчэ далей ад Мані стаяў яе бацька – Барыс, сын Пісарчукоў, у якога заўсёды былі дарослыя клопаты, шырокія, важныя, і не ставала ўвагі да такой малечы. Няма што ён таксама шкадаваў Маню, але, мусіць, лічыў, што досыць з яе цяпла і пяшчоты, якімі яе ахутваюць дома. Маня ж зусім не ўяўляла сабе, які ў бацькі занятак за парогам хаты, сядзібы. Яна не ўяўляла бацьку ў атачэнні