шчырага нацыянальнага волата? – сказаў, як звязаў напаследак.
Самавіты селянін Пісарчук быў усцешаны гутаркай за шырокім сямейным сталом. Праўда, зноў пачало смыліць на душы ад крыўды і горычы за рэпрэсаваных людзей на тым баку, вучоных, паэтаў, за Янку Купалу. Купалу ён ведаў па вершах, якія чытаў у «Нашай ніве» за маладымі гадамі. Падшыўка газеты «Наша ніва» і цяпер захоўвалася на шафе ў ягоным пакоі. Адтуль у свой час ён багата чаго дазнаўся пра народ, да якога і сам належаў, пра народ, які меў сваю культуру і мову, пра народ, які цяпер мардавалі з аднаго боку палякі, а з другога – расейцы і бальшавікі. Трывога не пакідала яго, і напрыканцы гутаркі гаспадар пацікавіўся ў бедака Уладзіміра Палто пра намеры: чым ён мае заняцца?
Ладзя паціснуў плячыма і зноў пачырванеў, нібыта яго злавілі на нечым прыкрым. Папраўдзе, ён губляўся ў здагадках, што рабіць, бо, як і да ўцёкаў у Саветы, у яго не было працы. І, калі ён вярнуўся ў Моталь, братава жонка, а жылі яны ў бацькавай хаце, адрэагавала на ягонае з’яўленне словамі, якія калолі яму ў самае сэрца:
– Бач, нідзе не ўдавіўся і зноў прыехаў на Андрэеў хлеб!
Дык што ж ён мае рабіць, куды кінуцца?..
Пісарчук усведамляў, у якую пастку нанова трапіў хлопец, але хацеў пачуць яго разважанні далей.
– Наогул, ні працы, ні веры мне ў Моталі няма. Камуністы думаюць, што я засланы адтуль, з Менску, і не ведаюць, як да мяне ставіцца. Амаль усе лічаць: там, за мяжой, на ўсходзе – рай, і калі я кажу, як у камуніі дрэнна, не вераць, бачыце, гэта я кажу дзеля таго, каб мяне паліцыя не арыштавала. А каб ведалі, што я не засланы і што вярнуўся адтуль самахоць, што я кажу праўду, пэўна, забілі б. Я нікому тут не патрэбны. Нікому!
Шкадуючы хлопца, Пісарчук паабяцаў яму схадзіць у гміну, каб даведацца пра магчымасць яго ўладкавання на працу. Ці хадзіў ён туды, невядома, але ж праз некалькі тыдняў Ладзю Палто прызвалі на службу ў польскае войска, і гэта для яго было як збавенне.
8
У сярэдзіне трыццатых Барыс Рамановіч, напэўна, меў усе падставы для гонару за cвой чалавечы імпэт, бо ўсё, да чаго ён ні дакранаўся і ў што ні ўкладваў энергію рук або розуму, неўзабаве давaла свой плён, і Маня часам магла дзівіцца з таго, што гаварылі пра бацьку. Аднойчы, напрыклад, у яе дзіцячай свядомасці засела яскравая фраза, кінутая дзядзькам Паўлам:
– Калі Барыс пасее нават на печы – збожжа прарасце і дасць ураджай!
Гэта – з ранішняй гутаркі дзеда Пятра з сынамі. Маня слухала іх гаману праз дзверы, лежачы на сваім ложку, і яе ўражвала такая карціна: бацька сее на печы і там ідзе ў рост збажына…
Мужыкі звычайна збіраліся рана, яшчэ да ўзыходу сонца, і абмяркоўвалі надзённае – дзе і ў які тэрмін, на якім полі лепей сеяць жыта, лён, грэчку… Або садзіць бульбу. Або касіць… Або жаць… У ранішніх сямейных нарадах на прасторнай кухні час ад часу прымалі ўдзел і сябры, хаўруснікі Паўлюка – Пампулі, Малыцькі,– такія ж, як і ён, дужыя, спраўныя. Апроч іх – яшчэ дзедаў брат Васіль Рамановіч. Ведала Маня, што таму не шэнціла ў сваёй гаспадарцы і ён жыў бедна. Калі запрашалі, Васіль ахвотна прыходзіў і памагаў ладкаваць