аўтараў размовы, якія могуць быць толькі між блізкімі сябрамі ці людзьмі, што бачаць адно аднаго ўпершыню.
Напрыклад, жонка Барыса, брунетка гадоў сарака, загорнутая ў шоўкавую чорную сукенку з моднай калекцыі, распавядала Пшэмаку Мятліцкаму, чаму яны не бяруць у каманду ўкраінцаў і малдаван.
– Разумееш, калі я наймаю хахла, увесь клуб робіцца нібыта змазаны салам, яно сцякае з жырандоляў на столікі, у кілішкі і кубкі, плавае пад піўной пенай, ліецца са столікаў на падлогу, працякае паміж дошкамі, тахкае па пяску, збіраецца ў ручаіны, коціцца да Віслы. Ляжыць у прыбіральнях на рукамыйніках, ажно госці думаюць, што гэта мыла. Усе робяцца бліскучымі ад гэтага сала, на танцполе каго-небудзь абняць немагчыма, ахова не можа нікога скруціць, усе выслізгваюць. І раптам хочацца танчыць гапак, разумееш? Гапак! Як можна танчыць гапак, калі ў нас рэгі-бар? Які гапак, якое сала? Зусім іншая канцэпцыя, разумееш?
– А малдаван чаму не наймаеш? – са спачуваннем да Жонкі Барыса запытаў Пшэмак.
– Я іх ад украінцаў не адрозніваю, навошта мне гэтая рызыка?
– Рызыкаваць не варта, – Пшэмак цалкам падтрымліваў такі мудры рэкрутынг.
У гэты час Шыман трымаў бультэр’ера за заднія лапы за агароджай тэрасы, якая месцілася на восьмым паверсе. Від адсюль адкрываўся, нібыта раман Сянкевіча пра веліч польскага народа, – эпічны, з прысмакам фантастыкі. Відно было Цэнтр Каперніка, музей сучаснага мастацтва і нават кавалачак Віслы. Пад тэрасай гулялі людзі.
– Бачыш вунь таго? – запытаў Шыман у бультэр’ера. Бультэр’ер кіўнуў галавой.
– Гэтага ў белай кепцы ці таго рудаватага з дзеўкай? – удакладніў Шыман.
У адказ сабака зрабіў амаль што цыркавы нумар: выгнуўся ўсім целам і ўважліва паглядзеў гаспадару ў вочы, маўляў, гаспадару, я толькі сабака, скуль я ведаю, каго ты меў на ўвазе?
– Твая праўда, – Шыман на хвіліну задумаўся. – Добра, як думаеш, той у кепцы – славак? – бультэр’ер адмоўна пакруціў пысай. – А той лысаваты – славак? – сабака зноў не прызнаў славака. – Ну, а можа, дзяўчына з ім, у гэтай сукенцы ў гарохі, можа, яна славачка? Прыгледзься, можа, гэта не гарохі, можа, гэта гербочкі Браціславы?
Сабака нейкі час прыглядаўся, але пасля яшчэ раз адмоўна пакруціў галавой. Шыман выцягнуў сабаку з-за агароджы і паставіў на паркет.
– Дзіўлюся я табе: другі тыдзень ніводнага славака.
Сабака вінавата віхляў хвастом і лашчыўся аб калені Шымана, быццам напраўду шкадаваў пра свой сапсаваны нос.
– Добра, праз гадзінку яшчэ славакаў пашукаем. А карміць сёння я цябе ўжо не буду, ты і так раз’еўся, ледзьве трымаю.
Шыман вярнуўся за стол і задумаўся. У жыцці было ўсяго дзве радасці: прадаць беларускаму калгасу трактар і калі сабака пазнае ў мінаку славака. З трактарамі ішло добра, а вось са славакамі – горш, нібыта чорная паласа пачалася. Шыман нават разважаў, ці не звадзіць сабаку да ветэрынара – праверыць зрок.
– Зноў ты славакаў шукаў? – запытала Таццяна, жонка Шымана. – Сабака кульгае.
Таццяна была асляпляльнай рудой прыгажуняй. Такой