Андрэй Адамовіч

Песня пра Цімура. Carmen de statura feritate ac venatione Timuris


Скачать книгу

ад самага пачатку ён казаў, што беларус, і таму падкрэслена размаўляў толькі па-руску, гэта мінчукі з дзедам-габрэем выдурняюцца або берасцейскія хлопцы могуць пагаманіць па-беларуску, маўляў, беларусы мы, беларусы, а ніякія не хахлы, ці яшчэ там можа гарадзенец штосьці матчынай мовай сказаць, а такому простаму хлопцу з-пад Ліды не трэба нікому даводзіць, што ён беларус, ён можа і па-расейску размаўляць усё жыццё.

      – Вы, Капейкін, напраўду, капітан? А можа, вы, як Джэймс Бонд, – палкоўнік? – запытала Ліза Лянкевіч, якую таксама зацікавіў кадэбэшнік.

      – Мушу прызнацца, – сарамліва пачаў Капейкін, – што мой лёс цяпер цалкам у вашых ласкавых руках, шаноўная пані і шаноўныя ўсе тут прысутныя, варшавяне і госці сталіцы.

      – Ды што вы кажаце, капітане? – манерна сказала Ліза і прыклала далонь да твару.

      – Не смейцеся з простага капітана беларускага КДБ. Каб вы ведалі, чаго мне каштавала трапіць у дом Шымана і Таццяны!

      – Але, Чорны! Ты заяб-сты агент! Я бачыў справаздачы Капейкіна маёру! – улез Пшэмак. – О, сябры! Паверце, адны гэтыя справаздачы зробяць славу вашаму дому! Ён дакладна запіша ўсё, што вы казалі, і яшчэ ад сябе дадасць, чаго не казалі. Гэты чалавек – хадзячая пастка, вельмі небяспечны. Ён мне абяцаў, што, як толькі я прыеду ў Беларусь, мяне адразу арыштуюць і адправяць у «амерыканку». Адаб’юць ныркі і адправяць назад у Польшчу лекавацца, забараніўшы ўезд самае малое на восем гадоў! І гэта пры тым, што ён пра мяне нічога дрэннага не ведае. Вось які гэты чалавек! Скала, а не чалавек!

      Пасля палкай прамовы Пшэмака капітан Капейкін увесь пачырванеў, як быў – ад кончыка носа да грудзей Таццяны, на якія не-не ды пазіраў.

      – Што мы можам зрабіць для такога прыемнага маладога чалавека? – запытала гаспадыня дому.

      – Але дазвольце мне расказаць маю гісторыю ад пачатку да самага канца, а тады ўжо вырашайце, ці варты я вашага сяброўства і вашай дапамогі. Абяцаю, што буду такім шчырым, якім толькі дазволіць мне прысяга, якую я склаў, паступіўшы на службу ў КДБ.

      – То-бок будзеце хлусіць ад пачатку да канца? – запытала Агата Кокс, што была порназоркай з Беларусі і праз гэта вылучалася вытрымкай, якой мог бы пазайздросціць генерал Карбышаў, таму дагэтуль удзелу ў гутарцы не брала. Уласна, праз гэтую якасць яе і любілі запрашаць у гэты дом.

      – Рацыя, пані, абсалютна так.

      – Што я казаў? Што я казаў? – Пшэмак аж свяціўся. – Гэта золата, а не агент, за хвіліну абвядзе вас вакол сабачай будкі і скажа, што гэта былі Łazienki Królewskie.

      – Пачынайце ўжо, васпане! – горача папрасіла Таццяна.

      Усе прысутныя заківалі галовамі, маўляў, так-так, капітане, не какетнічайце, не прымушайце вас угаворваць, мы ж бачым, што вам і самому хочацца падзяліцца гісторыяй вашага жыцця.

      І ён пачаў.

РАПАРТ КАПІТАНА КАПЕЙКІНА

      Вы ўсе маладыя бліскучыя людзі, карэнныя мінчане і мінчанкі, жыхары Серабранкі, да бабулі ў вёску толькі на выходныя. А я нарадзіўся ў сям’і селяніна і сабакі. Так мой бацька называў маці.

      Першыя