Лявон Карповіч

Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Знаёмства са зьместам Бібліі і яго алюстраваньнем у мастацтве


Скачать книгу

Падман Рэбэкі і Якава ўдаўся! Але ўсё далейшае жыцьцё Якаў вымушаны быў расплачвацца за гэты падман.

      Загадкавы сон Якава

      І калі мы не спасьціглі таямніцу Пісаньня, то які быў сэнс у тым, што ён выліў алей на камень? Яўсевій Сафроній Еранім

      Пазьбягаючы помсты брата Ісава, які выказаў сваё жаданьне яго забіць, Якаў, па радзе сваёй маці Рэбэкі, павінен быў уцякаць і пераадолець доўгі шлях у Мэсапатамію. Ён меў з сабой толькі адзін дарожны посах, а галаву для сну схіляў на камянях. Дайшоўшы да Харану, што на паграніччу сучасных Турцыі і Сірыі, змучаны, затрымаўся на начлег. І тут пачынаецца шэраг загадак. Якаў знайшоў пляскаты камень і паклаў яго сабе замест падушкі. Далей Якаву сьніцца загадкавы сон.

      Сон Якава (Лесьвіца Якава). Фрэска лоджыі Рафаэля. Музэі Ватыкана, Рым. Марка пошты Грэнады, выдадзеная ў 1983 годзе

      Бачыць ён у сьне лесьвіцу ад зямлі да неба, а па ёй спускаюцца і падымаюцца Божыя анёлы. «І вось, Гасподзь стаіць на ёй і кажа: Я Гасподзь, Бог Абрагама, бацькі твайго, і Бог Ісаака. Зямлю, на якой ты ляжыш, Я дам табе і нашчадкам тваім; і будуць нашчадкі твае, як пясок зямны; і пашырышся да мора і на ўсход, і на поўнач і на поўдзень; і дабраславяцца ў табе і ў семені тваім усе плямёны зямныя: і вось, Я з табою; і захаваю цябе ўсюды, куды ні пойдзеш; і вярну цябе ў гэтую зямлю; бо Я не пакіну цябе, пакуль ня выканаю таго, што Я сказаў табе» (Быцьцё 28:13—15).

      Так Якаў атрымаў пацьверджаньне абяцаньня, якое раней дадзена было Абрагаму і Ісааку.

      Многіх мастакоў натхніў на працу загадкавы сон Якава.

      Лесвіца Якава (1737). Хрыстафор Жафаровіч (1710—1753) Кляштар Боджані. Марка пошты Югаславіі, выдадзеная ў 1970 годзе

      У 1990 годзе ў Тэль-Авіве адбылася выстава «Дзеці і моладзь малююць Біблію». Малюнкі зь якой сталі зьместам сэрыі марак.

      Сон Якава. Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1994 годзе ў сэрыі «Дзеці і моладзь малююць Біблію»

      На лілова-бэзавым фоне, які згушчаецца да цёмна-фіялетавага, Шагал зьмясьціў знакамітую лесьвіцу Якава. Якаў бачыць у сьне анёлаў, якія падымаюцца і спускаюцца па лесьвіцы, сымбалізуючы яго шматлікіх нашчадкаў. Анёлы танчаць, як акрабаты, вакол лесьвіцы, нагадваючы цырк, які любіў Шагал, і падкрэсьліваючы «сваяцтва» сакральных і мірскіх сюжэтаў.

      Сон Якава (1963). Фрагмэнт. Марк Шагал. Ніца. Нацыянальны музэй Біблейскага пасланьня Марка Шагала. Пэрсанальная марка, выдадзеная поштай Украіны ў 2018 годзе

      У правай частцы палатна, якая не разьмешчана на марцы, Шагал адлюстраваў Серафіма, які трымае Мэнору. За крылатым Серафімам Шагал адлюстроўвае ўкрыжаванага Хрыста, і гэта не выпадкова. У сярэднія стагодзьдзі сон Якава атаясамляўся з узьнясеньнем Хрыста.

      Да гэтага сымбалічнага сну зьвяртае ўвагу сваіх вучняў Ісус Хрыстос на пачатку Сваёй грамадзкай дзейнасьці: «… ад сёньня будзеце бачыць неба адчыненае і анёлаў Божых, якія ўзыходзяць і сыходзяць