Лявон Карповіч

Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Знаёмства са зьместам Бібліі і яго алюстраваньнем у мастацтве


Скачать книгу

дабраславеньні. Аднак Рахілі не хапала цярпеньня. «Яна сказала: вось служанка мая Вала: увайдзі да яе; хай яна родзіць на калені мае, каб і я мела дзяцей ад яе» (Быцьцё 30:3).

      Нам цяжка зразумець паводзіны Рахілі. Аднак са старажытных тэкстаў шлюбных дагавораў, знойдзеных на Блізкім Усходзе, відаць, што існуючы тады звычай дазваляў бясплоднай жанчыне аддаваць свайму мужу служанку, каб тая нарадзіла спадчыньніка. У некаторых выпадках дзеці служанкі разглядаліся як дзеці жонкі.

      Калі Вала нарадзіла хлопчыка, Рахіль узрадавалася і ўсклікнула: «наканаваў мне Бог, і пачуў голас мой, і даў мне сына» (Быцьцё 30:6). Яна назвала яго Дан, што азначае «судзьдзя». Як відаць, яна таксама малілася аб сваім горы. Калі Вала нарадзіла другога сына, Напталіма, што азначае «мая барацьба», Рахіль сказала: «я з усіх сіл змагалася з сястрой і перамагла!» (Быцьцё 30:8).

      Пятая нябескага колеру марка прысьвечана Дану. Пасярэдзіне намалёваны вуж, абвіты вакол падсьвечніка. Гэтым малюнкам Шагал ілюстраваў словы Якава аб Дане: «Дан будзе зьмеем на дарозе, асьпідам на шляху» (Быцьцё 49:17).

      Дан. Напталім. Вітражы. Марк Шагал (1887—1985). Маркі пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1973 годзе

      Шостая марка жоўтага колеру – вітраж Напталіма. Яго імя напісана ў правым верхнім куце. Ніжэй адпачывае касуля – спасылка на дабраславенства Якава Напталіму: «Напталім – вольная касуля» (Быцьцё 49:21).

      Магчыма, даючы Валу Якаву, Рахіль думала, што дзейнічае ў згодзе са сваімі малітвамі, але Бог хацеў ёй даць дзяцей іншым шляхам. У гэтым урок для нас. Калі мы просім аб нечым Бога, то не павінны губляць цярпеньня. Ён можа адказаць на малітвы нечаканым для нас чынам і тады, калі мы менш за ўсё гэтага чакаем.

      Каб не страціць сваёй перавагі, Лія таксама дала Якаву сваю служанку, Зілфу. Тая нарадзіла Гада, затым Асіра (Быцьцё 30:9—13).

      Цёмназялёны вітраж прысьвечаны Гаду. Колер непакою адпавядае словам Якава аб Гадзе: «Гад, – натоўп будзе цясьніць яго, але ён адцісьне яго па пятах» (Быцьцё 49:19). Аб Асіры Якаў сказаў «ён будзе дастаўляць царскія прысмакі» (Быцьцё 49:20), таму колер вітражу аліўкавы. Аліўкі Сьвятой Зямлі гэта сымбаль багацьця.

      Гад. Ашэр. Вітражы. Марк Шагал (1887—1985). Маркі пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1973 годзе

      Яскравы прыклад суперніцтва паміж сёстрамі – выпадак з мандрагорами, якія знайшоў сын Ліі Рувім. Лічылася, што мандрагоры спрыяюць зачацьцю. Рахіль папрасіла ў Ліі гэтых пладоў, але тая рэзка адказала: «Няўжо мала табе – завалодаць мужам маім, што ты дамагаесься і мандрагораў сына майго?» (Быцьцё 30: 15). Гэтыя словы наводзяць на думку, што Якаў бываў з Рахільлю часьцей, чым з Ліяй. Відавочна, Рахіль адчула справядлівасьць гэтых папрокаў, таму сказала Ліі: «дык няхай ён ляжа з табою гэтай ночы, за мандрагоры сына твайго». Калі Якаў прыйшоў дадому, Лія сказала яму: «увайдзі да мяне, бо я купіла цябе за мандрагоры сына майго. І лёг ён зь ёю тае ночы» (Быцьцё 30:16).

      Лія нарадзіла пятага і шостага сына: Ісахара (што азначае «адплата») і Завулона. Тады яна