сяляне вёскі Юравічы, якія «балвохвалницу велми скрыто, потайне в гаю на горе уставили»: «А балвана того вчынили з кости звера старовечного. Была кость тая боком одным гнутой, якобы серп або месяц молодый. Вчынивши, меж собой молвили, дей то ест кость волота або олбрима, в давнюю бытность которых теж неразумне верили. А як бы кость гнутой не была, аж бы з двух мужей взростом стала. Иллуминовали ее оздобне балвохвалцы юровския стрихами, взорами а иншими направами размоитыми».
Руткоўскі ажно падскочыў з канапы – апісаны ў трактаце ідал дужа нагадваў фрагмент, знойдзены ім у Юравічах. Позірк нецярпліва бег па радках далей: «И мнимали оные геретыки, плюгавые отметники от веры хрестьянской, иж балван той ест втеленьем змышленого ими божка поганого, некоторой планиты опекуна». Навуковец цяжка задыхаў. Раней невядомы яму гістарычны дакумент ясна сведчыў, што юравіцкі ідал XVI стагоддзя быў увасабленнем божышча нейкага нябеснага свяціла. Лабановіч-Аскерка быў упэўнены, што на ўвазе меўся Марс. Пры гэтым ён няпэўна спасылаўся на ўскосныя звесткі, змест якіх у артыкуле не канкрэтызаваў.
Артыкул мазыраніна неспадзявана ўзрушыў і даў глебу для роздуму. «Няўжо гэта той самы ідал? Ці ўсё ж супадзенне? – утрапёна разважаў Ягор. – Але ж мы знайшлі кавалак не ў слаях XVI стагоддзя. У нас адназначна гаворка пра часы першабытнасці. Слядоў пазнейшага ўмяшання ў паслядоўнасць культурных слаёў не было. Таму нельга меркаваць, што знойдзены намі фрагмент апрацаванага біўня маманта закапалі – напрыклад, хаваючыся ад пераследу, – жыхары Юравічаў часоў Вялікага княства Літоўскага. Але ж і звесткі трактата, напэўна, не на пустым месцы ўзніклі. А з улікам нашых ведаў яны не падобныя да фантазій. Так дэталёва апісаць паганскі стод мог толькі той, хто або навочна яго бачыў, або добра ведаў з нечага маляўнічага апісання. Значыць, артэфакт «за господаря кроля Жикгимонта, за держанем пана Богдана Сербина» сапраўды існаваў. Ясна, што бівень маманта тагачасныя людзі ўважалі за парэшткі легендарных веліканаў. Але ці насамрэч вераадступнікі апрацавалі яго, надаўшы атрыманай фігуры сакральны сэнс? Ці ўсё-ткі ім трапіўся адзін з імаверных варыянтаў першабытнага ідала, які мог з нейкай прычыны апынуцца па-за межамі свайго слоя? Я не веру, што ён перахоўваўся мясцовым людам некалькі дзясяткаў тысяч гадоў як рэліквія. Ніякай непарыўнай рэлігійнай сувязі ці прамой пераемнасці між першабытнымі жыхарамі тых мясцін і сучаснікамі Францыска Скарыны быць не магло. А менавіта на такую пераемнасць язычніцкіх традыцый намякае аўтар артыкула, узгадваючы ў апошнім абзацы маю знаходку. Мегаламанія нейкая. Трэба як-небудзь пагутарыць з ім».
Не валаводзячы, Руткоўскі патэлефанаваў свайму старэйшаму калегу, спадзеючыся, што той мог ведаць гэтага мазырскага гісторыка. Калега трохі здзівіўся, але адказаў, што хлопец яму знаёмы, ахарактарызаваў як неблагога ўседлівага даследчыка першакрыніц, згадаўшы, праўда, схільнасць да сенсацыйных высноў там, дзе варта было