Сяргей Балахонаў

Бог кахання Марс


Скачать книгу

з першых вуснаў. Той, намагаючыся не раскідвацца падрабязнасцямі, выразнымі мазкамі распісаў агульную карціну апошніх здарэнняў. Але ні словам, ні жэстам не згадваў Марыну. Яна лунала ў іх гутарцы, быццам прывід, застаючыся фігурай умаўчання. Зрэшты, доўга так працягвацца не магло. Ройтшванец сама, як нічога ніякага, задала пытанне ў лоб:

      – А вы з Гваздовіч яшчэ кантактуеце?

      Пытанне супала з цэлым шэрагам вакольных фактаў: бязногі жабрак, сабраўшы сваю ялмужыну, падняўся і пашыбаваў на прыпынак; купка бурклівых галубоў разляцелася гадзіць ў іншых мясцінах горада; у саборы святых Пятра і Паўла грымнуў харавы спеў:

      Мне бы июньскую ночь,

      Лунную ночь – и тебя…

      Руткоўскі, намагаючыся прыхаваць збянтэжанасць, перахрысціўся. Дзяўчына на аўтамаце зрабіла тое ж. «Бачылі цудатворцы, якія мы багамольцы», – папікаючы, кінула ім пажылая жанчына. «Бачылі багамольцы, якія вы камсамольцы», – з’едліва астудзіў яе запал франтаваты мужчына ў гадах. Але шпацыравальнікі, нібыта нічога ні бачылі і не чулі, пазіралі адно на другога.

      – Напэўна, Марыне цяпер не вельмі хочацца, – урэшце парупіўся з адказам Ягор.

      – Дзіўна. Вы ж так сябравалі. Яна пра вас заўсёды з такім захапленнем гаварыла!

      – Ключавое слова – «гаварыла», – вылецела ў спадарожніка.

      – Так, апошнім часам чамусьці не згадвае. Хаця гэта зразумела. У яе ж там хлопец, які цяпер і мужам стаць паспеў…

      – А вы часта з ёй кантакт трымаеце?

      – Не сказаць, каб часта, але што рэгулярна, то дакладна. У асноўным праз сеткі і антыскайп. Але калі яна прыязджае ў Гомель, то абавязкова бачымся – прагульваемся, ходзім у кавярню. Але ведаеце…

      – Што?

      – Гэта ўсё не тое. Калі б яна заставалася тут, было б іначай. Было б больш жыцця і больш праўды. А так яна паказвае толькі парадны бок свайго існавання… Іншым разам гэта мяне натуральным чынам вар’юе. Але я не магу ёй сказаць нічога супраць. Яна ж каралеўна! Упірлівая паненка! Пакрыўдзіцца адразу і выкрасліць з кола сяброў. А я гэтага, нягледзячы на ўсе яе – прабачце за слова! – зэхеры, зусім не хачу…

      Ягор з разуменнем кіўнуў.

      – Яна, дарэчы, не збіраецца разам з мужам пераязджаць сюды? – яму кепска давалася гульня ў абыякавасць.

      – О, я пыталася ў яе пра гэта! І яна сказала, што ні ў якім разе, бо ёсць прычыны…

      «Самую важкую прычыну я цудоўна ведаю», – зазначыў ён сам сабе, але ўголас агучыў іншае:

      – У Румыніі добра?

      – Яна казала, што там у яе гарантаванае працоўнае месца з высокім заробкам. Маўляў, лабараторыя пры нейкім багатым фондзе забірае з рукамі і нагамі.

      – А муж? Таксама па навуковай сцяжыне пойдзе? Ці, можа, у зоркі матацыклетнага спорту – прабачце і вы! – намыліўся?

      Дзяўчына хіхікнула.

      – Па шчырасці, Марына з гэтым увесь час нешта цямніла, – шчыра прызналася яна. – З іншых яе слоў я зразумела, што Марку будзе працаваць разам з ёй. Ледзьве не пад адным дахам. Здаецца, яго бацькі дапамаглі.