Сяргей Балахонаў

Бог кахання Марс


Скачать книгу

з васільковых плямаў, на тле якіх людзі на ходніках здаваліся шкілетамі. Як толькі насланнё скончылася, ён рушыў далей.

      Каля кавярні «хатняй кухні» прыспешыў хаду – не меў корці назіраць за адпачыннікамі з півам, што туліліся на летняй тэрасе, а таксама не хацеў, каб адтуль нехта лупіўся на яго. Каля святлафора дзяўчына ў лёгкай маечцы з надпісам «Гэта Гомель, дзетка!» і шчодра вытатуяванымі на правай руцэ кветкамі з вяззю «In Cherry Family» папрасіла ў яго закурыць. Адмовіўшы, ён здзівіўся, чаму гэтая лялька звярнулася менавіта да яго, а не да каго-небудзь іншага. Хаця б да кампаніі хлопцаў, якія, прыкрываючыся намёкамі на змярканне, соўгаліся пры дзвюх машынах на сумежнай вуліцы, рыхтуючыся прычасціцца проста з багажніка «чым бог паслаў». Шпацыруючы, туды некалі часта Ягор і Марына збочвалі, калі меркавалі прыхавацца ад лішніх вачэй. І нярэдка відовішча было падобным: хлопцы каля багажнікаў, выкідайла ў форме чырвонаармейца на дзвярах рэстарацыі, падлеткі з грымоткімі калонкамі ў руках уздоўж кавярні.

      Еду в город Гомель, в магазин «Світанак»,

      А она колдун ест, хоть говорит, что драник.

      Адольваючы хвалю ўспамінаў, Руткоўскі адмахнуўся ад спакусы прайсціся іх з каханай колішнімі ваколіцамі. Пайшоў міжволі абраным маршрутам. Абмінуў ладную купу дзяўчат, якія жыва абмяркоўвалі, дзе б выпіць добрага ліманаду. «Божа! Божа! Нанясі нежанатага – жонку дадзім!» – шукаючы ў вачах Ягора падтрымкі, пракаментаваў усмешлівы дзядулька. Ягор адно паціснуў плячыма і злёгку пасміхнуўся. Вулічны музыка каля «Бэкер-Бара» зацягваў пад электрагітарку нешта да свербу знаёмае: «It’s a god-awful small affair». Пры будыніне колішняга «Руска-Азіяцкага банка» мільганула знаёмая постаць. Сяброўка і аднакурсніца Марыны. Археолага ўразіла яе светла-чырвоная сукенка ў белы буйны гарох – гэткае наўмыснае рэтра, якое чарговым разам вярталася ў моду. Дзяўчына павіталася першай.

      – Наста Ройтшванец, калі не памыляюся? – дзеля прыліку спытаў Ягор, дарма што памятаў, як яе завуць.

      – Так, не памыляецеся, – з троху сарамлівай усмешкай пацвердзіла яна.

      – Як поспехі? – неспадзявана для сябе працягнуў Руткоўскі, за імгненне перад тым не збіраючыся тут запыняцца.

      – Дзякуй, збольшага добра, – ахвотна стала расказваць дзяўчына. – Універ скончыла. Да чырвонага дыплома не дацягнула. Выпускны ўчора адгулялі. Лімузін. Шампанскае. Асобная зала ў «Еўропе». Тамада харошы і конкурсы цікавыя. Цяпер вось да сярэдзіны жніўня вольная. А потым давядзецца па размеркаванні ехаць.

      – І як, калі не сакрэт, называецца месца, куды вас размеркавалі? – не змог сысці выкладчык, спакваля здагадваючыся, чаму не хоча абмяжоўвацца абменам адно стандартных фраз, так уласцівых падобнага кшталту сустрэчам.

      – Марс, – прамовіла нядаўняя студэнтка, і яе вочы хітравата бліснулі.

      – Жартуеце? – страпянуўшыся, напяўся ў паняверцы суразмоўца.

      – Не, – праз лёгкі смяшок узялася тлумачыць Наста. – Пасёлак Марс у Лоеўскім раёне. Настаўніца