Говард Філіпс Лаўкрафт

Кліч Ктулху (зборнік)


Скачать книгу

цаніў мала, цяпер рабілася мне штодня даражэйшым, пакуль я ўсё больш паглыбляўся ў загадкі невядомага свету чорнай магіі. Сучасная навука не зрабіла на мяне, адарванага ад свету, ніякага ўражання, і я шчыраваў як у Сярэднявеччы, захоплены новымі ведамі пра дэманалогію і алхімію, як стары Мішэль і юны Шарль калісь. Але колькі я ні чытаў, я ніяк не мог разабрацца ў дзіўным праклёне, што ляжаў на маім родзе. У рэдкія моманты рацыянальнасці я нават быў гатовы шукаць натуральных тлумачэнняў, прыпісваючы раннія смерці сваіх продкаў рукам ліхога Шарля Ле Сарсье і яго нашчадкаў. Але калі стараннае расследаванне не выявіла ніякіх звестак пра дзяцей алхіміка, я вярнуўся да вывучэння акультызму і чарговы раз паспрабаваў знайсці заклён, які б вызваліў мой дом ад страшнага цяжару. Я не сумняваўся ў адным: мне нельга жаніцца, каб праклён памёр разам са мной, бо іншых галінаў роду не існавала.

      Калі я наблізіўся да трыццацігадовага ўзросту, стары П’ер падаўся на той свет. Я сам пахаваў яго пад каменнем на дзядзінцы, дзе ён любіў гуляць, пакуль быў жывы. Мне засталося толькі думаць пра ўласны лёс – адзінаму жывому чалавеку ў вялізным замку. У поўнай самоце мой розум паціху пераставаў марна бунтаваць супраць наканаванага няшчасця і ўрэшце амаль пагадзіўся з лёсам, які напаткаў многіх маіх продкаў. Значную частку майго часу цяпер займала вывучэнне разбураных і закінутых залаў і вежаў старога замка, якіх у юнацтве страх вымушаў мяне пазбягаць, а ў некаторыя з іх, як сказаў мне аднойчы стары П’ер, больш за чатыры стагоддзі не ступала нага чалавека. Многае з таго, што я знайшоў, было дзіўным і страшным. На вочы траплялася мэбля, пакрытая пылам стагоддзяў і панішчаная гніллю ад пастаяннай вільгаці. Усё было аплеценае павуціннем у такой колькасці, якой я ніколі не бачыў, і толькі вялізныя кажаны пляскалі ў змроку сваімі жахлівымі касцістымі крыламі з усіх бакоў.

      Я надзвычай старанна сачыў за сваім узростам аж да дзён і гадзін, бо кожны ўзмах маятніка масіўнага гадзінніка ў бібліятэцы адбіраў істотную частку майго выклятага існавання. Нарэшце наблізіўся час, якога я так доўга і трывожна чакаў. Паколькі жыццё большасці маіх продкаў абрывалася незадоўга да дакладнага ўзросту графа Анры, у якім яму прыйшоў канец, я штохвіліны чакаў смерці. Я не ведаў, у якой дзіўнай форме праклён мусіў дагнаць мяне, але пастанавіў, што прынамсі не стану для яго баязлівай і пакорлівай ахвярай. І я з новым імпэтам вярнуўся да даследавання старога замка і таго, што ў ім знаходзілася.

      У часе адной з найдаўжэйшых вылазак у закінутую частку замка, менш чым за тыдзень да фатальнай гадзіны, што мусіла пакласці канец майму знаходжанню на зямлі і пасля якой мне больш не давялося б дыхаць паветрам, адбыўся кульмінацыйны момант усяго майго жыцця. Я правёў большую частку раніцы, узбіраючыся і спаўзаючы напаўразваленай лесвіцай у адной з найбольш разбураных старажытных вежаў. За дзень я агледзеў ніжнія паверхі і спусціўся ці то ў сярэднявечную вязніцу, ці то ў выкапаны пазней склад для пораху. Калі я паволі ішоў пакрытым салетрай праходам