найвышэйшага інтэлекту ўсведамляюць, што паміж рэальным і нерэальным няма прынцыповай розніцы, што ўсе рэчы выяўляюцца такімі, якімі мы іх ведаем, толькі з ласкі тых далікатных фізічных і ментальных асяроддзяў, праз якія мы атрымліваем пра іх інфармацыю. Але празаічны матэрыялізм большасці асуджае як вар’яцтва сполахі звышзроку, які пранікае праз грубы вэлюм чыстага эмпірызму.
Маё імя – Джэрвас Дадлі, і з самага ранняга дзяцінства я быў летуценнікам і візіянерам. Маё багацце было большым, чым можа спатрэбіцца ў штодзённым жыцці, а праз тэмперамент я не мог ні сістэматычна вучыцца, ні адпачываць у кампаніі знаёмых. Жыццё праходзіла ў мясцовасці, адасобленай ад свету, дзе мае юнацтва і маладосць мінулі між старажытных і малавядомых кніг і дзе я блукаў сярод палёў ды садоў у наваколлі нашага родавага маёнтка. Наўрад ці тое, што я чытаў у тых кнігах і бачыў сярод тых палёў ды садоў, чытаюць і бачаць іншыя хлопчыкі. Пра гэта я, праўда, шмат не скажу, бо калі расказваць падрабязна, гэта толькі пацвердзіць жорсткія плёткі пра мой розум, якія я часам чую ад патаемных гасцей, калі яны шэпчуцца вакол мяне. Даволі і таго, што я, не разважаючы пра прычыны, проста апавяду пра падзеі.
Я сказаў, што жыў адасоблена ад свету, але не сцвярджаў, што жыў адзін. На гэта не здольная ніводная чалавечая істота, бо без таварыства жывых чалавек непазбежна цягнецца да сяброўства са стварэннямі, жыццё якіх ужо прамінула – або і не пачыналася. Побач з маім домам разлёгся дрыгвяністы лог, у сутонні глыбінь якога я бавіў амаль увесь свой час у чытанні, думках і мроях. Яго замшэлымі схіламі я рабіў свае першыя дзіцячыя крокі, і вакол яго гратэскава сукаватых скрыўленых дубоў віліся мае першыя хлапечыя фантазіі. Я блізка пазнаёміўся з вярхоўнымі дрыядамі, што жывуць у тых дрэвах, і часта назіраў за іхнымі дзікімі танцамі ў натужлівых промнях старога месяца – але пра гэта цяпер казаць не варта. Раскажу толькі пра самотны пакінуты склеп Хайдаў у самай цёмнай частцы гушчару на схіле. Ён належаў старому і паважанаму сямейству, чый апошні прамы нашчадак лёг у чорную нішу склепа за шмат дзесяцігоддзяў да майго нараджэння.
Грабніца, пра якую я расказваю, зробленая са старажытнага граніту, абветранага і агрубелага ад туманаў і сырасці многіх гадоў. Выкапаную ў схіле пагорка канструкцыю можна ўбачыць толькі ад уваходу. Дзверы – грувасткая і агідная каменная пліта – вісяць на ржавых жалезных завесах, неяк злавесна прачыненыя пад некалькімі замкамі на цяжкіх жалезных ланцугах паводле вусцішнай моды паўвекавой даўніны. Жытло роду, атожылкі якога тут ляжаць, некалі вянчала схіл пагорка, у якім знаходзіцца склеп, але яно ўжо даўно стала ахвярай полымя, што ўсхапілася ад жудаснага ўдару маланкі. Старыя насельнікі гэтай мясцовасці часам цішком і з трывогай у голасе расказваюць пра паўночную буру, якая знішчыла той пануры палац, і намякаюць на тое, што яны называюць «гневам божым». І апошнімі гадамі іх манера быццам павялічыла ўва мне і без таго моцнае захапленне грабніцай у засені лесу. У тым пажары загінуў толькі адзін