Говард Філіпс Лаўкрафт

Кліч Ктулху (зборнік)


Скачать книгу

склепа, з дзяцінства з рэлігійнай заўзятасцю ахоўваючы сваю таемную мэту, але цяпер мусіў рабіць намаганні, каб прабрацца праз лабірынты дрыгвяністай лагчыны і адарвацца ад магчымага пераследніка. Ключ да грабніцы я насіў на шнурку на шыі, і пра яго ніхто не ведаў. Я ніколі не выносіў з грабніцы нічога з таго, што знаходзіў у яе сценах.

      Аднае раніцы, калі я паказаўся з вільготнага склепа і зашчапіў ланцуг не надта цвёрдай рукой, я ўбачыў у прылеглым гушчары зжаханы твар назіральніка. Канец быў несумненна блізкі, бо маю альтанку сярод дрэваў знайшлі, а мэту маіх начных вандровак выкрылі. Той чалавек не стаў мяне затрымліваць, таму я паспяшаўся дадому, спадзеючыся падслухаць, што ён можа данесці майму знясіленаму турботамі бацьку. Ці хутка ўжо свет пачуе, што я баўлю час за дзвярыма з ланцугом? Уявіце сабе маё радаснае здзіўленне, калі я пачуў, як шпег асцярожным шэптам інфармуе бацьку, што я правёў ноч сярод дрэваў каля склепа, не адводзячы закрытых заслонай сну вачэй ад шчыліны ў прачыненым партале пад навясным замком. Якім цудам назіральнік мог так ашукацца? Цяпер я быў перакананы, што мне дапамагала чыёсьці звышнатуральнае ўмяшанне. Набраўшыся дзякуючы такому ўмяшанню адвагі, я пачаў наведваць грабніцу абсалютна адкрыта, перакананы, што ніхто не зробіцца сведкам таго, як я ўваходжу ўсярэдзіну. Цэлы тыдзень я напоўніцу смакаваў радасці магільнага балявання, пра якое не павінен расказваць, калі здарылася тое, праз што я апынуўся ў гэтым клятым прыстанішчы смутку і аднастайнасці.

      Не варта было мне рызыкаваць той ноччу, бо ў хмарах грымела і са смярдзючага балота ў лагчыне ўздымалася пякельнае свячэнне. Кліч мёртвых таксама быў іншы. Вярхоўны д’ябал цягнуў да мяне свае нябачныя пальцы не са склепа ў схіле, а са счарнелых сутарэнняў на вяршыні ўзгорка. Калі я выйшаў з саду на раўніну перад руінамі, я ўгледзеў у туманным месячным святле нешта, чаго заўсёды цьмяна чакаў. Страчаны стагоддзе таму палац зноў узнёс свае велічныя вежы. Выглядаў ён захапляльна. Кожнае акно палымнела раскошай тысячы свечак. Доўгай дарогай каціліся карэты бостанскай эліты, а шматлікія групы напудраных франтаў з суседніх сядзіб падыходзілі пешкі. Я змяшаўся з гэтым натоўпам, хоць і ведаў, што маё месца хутчэй з гаспадарамі, чым з гасцямі. У холе грала музыка, гучаў смех, кожная рука трымала келіх віна. Я пазнаў колькі твараў, хоць лепш ведаў іх высушанымі ці з’едзенымі смерцю і гніеннем. Сярод дзікага і бесклапотнага натоўпу я быў самым дзікім і самым распусным. Вясёлыя блюзнерствы бурлівым патокам ліліся з маіх вуснаў, і ў досціпах я не дбаў пра законы ні Бога, ні чалавека, ні прыроды. Раптам перакат грому, чутны нават праз гоман той свінскай гулянкі, раскалоў дах і змусіў шумную кампанію сціхнуць ад страху. Чырвоныя языкі полымя і пякучыя пошугі цяпла напоўнілі дом. Гулякі, ахопленыя жахам ад раптоўнай катастрофы, якая, здавалася, выйшла за межы неўтаймоўнай Прыроды, з крыкам панесліся ў ноч. Застаўся толькі я, прыкаваны да сядзення ганебным страхам, якога ніколі дагэтуль не адчуваў. А потым маю душу ахапіў іншы кашмар. Спаленае жыўцом да попелу, маё цела разнясуць чатыры ветры, дык, магчыма, я ніколі не буду ляжаць у склепе Хайдаў! Няўжо мой склеп быў падрыхтаваны не для мяне? Няўжо я не маю права спачыць давеку сярод нашчадкаў сэра Джэфры Хайда? Не! Я прад’яўлю