людзі з сякой-такой адукацыяй, а я пазнаёміўся з ёй, калі доўга вывучаў працы старадаўніх алхімікаў і дэманолагаў. Здань казала пра праклён, які вісеў над маім родам, апавядала пра мой хуткі канец, шмат увагі аддаўшы крыўдзе, якую ўчыніў мой продак старому Мішэлю Мавэ, і цешылася помсце Шарля Ле Сарсье. Яна расказала, як малады Шарль знік у ночы і вярнуўся праз шмат гадоў, каб стралой забіць Годфры, спадчынніка графа, калі той наблізіўся да бацькавага ўзросту ў момант забойства, як патаемна вярнуўся да замка і, нікім не пазнаны, уладкаваўся ва ўжо пакінутым тады пакоі, у праходзе якога стаяў цяпер жахлівы апавядальнік, як пасля нагнаў у полі трыццацідвухгадовага Рабэра, сына Годфры, сілай уліў яму ў горла атруту і пакінуў паміраць, выконваючы страшную ўмову свайго крыважэрнага праклёну. Найбольшая загадка – як праклён здзяйсняўся, калі жыццё Шарля Ле Сарсье мусіла так ці іначай абарвацца, – засталася на водкуп маёй фантазіі, бо гэты чалавек пераскочыў да апісання выдатных поспехаў у алхіміі двух чарадзеяў, бацькі і сына. Больш за ўсё ён казаў пра пошукі Шарлем Ле Сарсье эліксіру, які б даў таму, хто яго прыме, вечныя жыццё і маладосць.
У гэты момант здавалася, што захапленне заступіла чорную нянавісць у яго жахлівых вачах, якая так гняла мяне спачатку, але раптам д’ябальскі бляск вярнуўся, і з дзіўным змяіным сыкам чужаніца выцягнуў шкляную бутэлечку, відавочна хочучы пакласці канец майму жыццю гэтак жа, як Шарль Ле Сарсье шэсцьсот гадоў таму паклаў канец жыццю майго продка. Рэшта пачуцця самазахавання раптам прымусіла мяне скінуць чары, што дагэтуль не давалі мне нават варухнуцца, і я кінуў паходню, якая ўжо згасала, у істоту, што пагражала майму жыццю. Я пачуў, як бутэлечка разбілася аб камень. У той жа момант вопратка незвычайнага чалавека загарэлася і страшным ззяннем асвяціла жудасную сцэну. Мае і без таго напружаныя нервы не вытрымалі крыку, поўнага страху і бездапаможнай злосці, які выпусціў той, хто хацеў мяне забіць. Я знепрытомнеў і ніцма ўпаў на слізкую падлогу.
Калі адчуванні нарэшце вярнуліся да мяне, навокал была непраглядная цемра, і мой розум здрыгануўся ад думкі, што яшчэ я магу ўбачыць. Але цікаўнасць брала сваё. Кім, пытаў я сябе, быў гэты пачварны чалавек і як ён апынуўся ў замкавых сценах? Нашто яму помсціць за смерць Мішэля Мавэ і як праклён пратрываў столькі доўгіх стагоддзяў з часоў Шарля Ле Сарсье? Шматгадовы страх адпусціў маё сэрца: я ведаў, што пагроза праклёну ішла ад таго, каго я збіў з ног. Цяпер я быў вольны і гарэў жаданнем дазнацца больш пра жорсткую істоту, што стагоддзямі пераследавала мой род і ператварыла маю маладосць у няспынны кашмар. Поўны жадання ва ўсім разабрацца, я абмацаў кішэні ў пошуку крэмню і крэсіва і запаліў запасную паходню.
Новае святло адразу ж выхапіла з цемры скрыўленую і счарнелую фігуру таямнічага незнаёмца. Яго жахлівыя вочы цяпер былі заплюшчаныя. Я адвярнуўся ад брыдкага відовішча і зайшоў у залу за гатычнымі дзвярыма. Там было нешта вельмі падобнае да лабараторыі алхіміка. У адным куце ляжала вялізная