калі ў змроку, які не пераставаў гусцець, я вярнуўся дадому, то прысягнуў сотні садовых багоў, што любой цаной узламлю дзверы, якія вядуць у чорныя, халодныя глыбіні, што быццам клічуць мяне. Лекар з жалезна-шэрай барадой, які штодзень бывае ў маім пакоі, сказаў раз аднаму з наведнікаў, што ад гэтага рашэння трэба весці адлік маёй жалю вартай манаманіі, але хай апошні вердыкт вынесуць чытачы, калі самі пра ўсё даведаюцца.
Наступныя пасля майго адкрыцця месяцы я правёў у марных спробах узламаць складаны замок прачыненай грабніцы, а таксама ў старанна замаскаваных роспытах пра прыроду і гісторыю гэтага збудавання. Як і большасць хлопчыкаў, я меў добры слых і таму шмат пра што дазнаўся, але звычка скрытнасці прымусіла мяне нікому не расказваць ні пра мае веды, ні пра рашэнне. Варта, бадай, згадаць, што прырода гэтай грабніцы мяне ні здзівіла, ні напалохала. Я меў даволі незвычайныя ўяўленні пра жыццё і смерць, і халодная гліна ў мяне асацыявалася з жывым целам няпэўнай формы. Я адчуваў, што вялікае злавеснае сямейства са згарэлага палаца нейкім чынам прысутнічала ў прасторы сярод каменных сцен, якую я імкнуўся даследаваць. Няўцямныя расказы пра таемныя рытуалы і бязбожныя оргіі мінулых гадоў у той старажытнай зале распалілі ўва мне новую моцную цікавасць да склепа, перад дзвярыма якога я праседжваў гадзіны ў любую пару сутак. Аднойчы я прасунуў свечку ў амаль зачынены праход, але не ўбачыў нічога, апрача пралёта вільготных каменных сходаў, што спускаліся долу. Пах гэтага месца выклікаў у мяне агіду і адначасова зачароўваў. Мне здавалася, што я знаў яго даўней за самыя раннія ўспаміны, да таго нават, як атрымаў сваё цяперашняе цела.
Праз год пасля таго як я ўпершыню ўбачыў склеп, на перапоўненым кнігамі гарышчы дома мне трапіўся паточаны чарвякамі пераклад Плутархавых «Жыццяпісаў». Чытаючы пра жыццё Тэсея, я быў моцна ўражаны ўрыўкам пра вялікі камень, пад якім юны герой мусіў знайсці знакі свайго лёсу, калі пасталее дастаткова, каб падняць яго гіганцкую вагу. Легенда развеяла маю прагу як мага хутчэй увайсці ў грабніцу, бо з’явілася адчуванне, што час для гэтага яшчэ не прыспеў. Пазней, казаў я сабе, у мяне з’явіцца дастаткова сілы і вынаходлівасці, каб лёгка разамкнуць цяжкія ланцугі на дзвярах, але пакуль лепш падпарадкавацца таму, што здавалася мне воляй Лёсу.
Цяпер я пільнаваў сыры партал не так неадступна, а значную частку часу прысвяціў іншаму, хоць і не менш дзіўнаму занятку. Раз-пораз я ціха ўставаў уначы і крадком выбіраўся з дому, каб прайсціся тымі цвінтарамі ды пагостамі, ад якіх мяне аберагалі бацькі. Не магу казаць, што я рабіў там, бо цяпер не надта ўпэўнены, ці адбываліся некаторыя рэчы ў сапраўднасці. Але ведаю, што ў дзень па начным шпацыры я часцяком здзіўляў навакольных ведамі пра тое, пра што ўжо амаль забыліся многія пакаленні. Пасля адной з такіх начэй я ўразіў мясцовую грамадскасць незвычайным выказваннем пра пахаванне багатага і славутага сквайра Брустэра, аўтара тутэйшай гісторыі, які памёр у 1711 годзе і чыя