Лявон Карповіч

Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Знаёмства са зьместам Бібліі і яго алюстраваньнем у мастацтве


Скачать книгу

Усявышні, Які аддаў ворагаў тваіх у рукі твае. Абрам даў яму дзясятую частку з усяго» (Быцьцё 14:17—20).

      Абрам у дасьпехах стаіць на чале сваёй групы салдат і з удзячнасьцю прымае хлеб ад Мэлхісэдэка.

      Свой погляд на гэту падзею выказаў на сваёй карціне мастак Дыэрых Бутс (Dieric Bouts). Цар Салема (будучага Ерусаліма) Мелхісэдэк сустракае Абрама хлебам і віном. Абрагам, апрануты ў дасьпехі пасьля пасьпяховай бітвы пры Сідыме, становіцца на калені перад Мелхісэдэкам. На заднім пляне – вяртаньне войскаў Абрама.

      Сустрэча Абрама і Мелхісэдэка. Алтар Сьвятой Камуніі (1464—1467). Дыэрых Бутс (1420—1475). Сінт-Пітэрскерк, Лювэн. Марка пошты Мальдзіваў, выдадзеная ў 2014 годзе

      Пачынаючы з XIII стагодзьдзя было цалкам нармальна адлюстроўваць біблейскіх і гістарычных асоб у сучасных дасьпехах. Каб навучыць непісьменных людзей падзеям, якія адбыліся стагодзьдзі раней, гэта быў звычайны спосаб перанесьці іх у біблейскія часы, каб ім было лягчэй суперажываць рэлігійнай падзеі, якая адбывалася ў тыя далёкія часы. І мастак, нават каб хацеў, ня мог дабрацца да першакрыніц, якія паказвалі б сапраўдную вопратку часоў Абрама.

      Сустрэча Абрама і Мелхісэдэка (1620). Рубенс (1577—1460). Люўр, Парыж. Блёк пошты Гвінеі, выдадзены ў 2015 годзе

      «Мэлхісэдэк, цар Салімскі, вынес хлеб і віно, – ён быў сьвятар Бога Ўсявышняга» (Быцьцё 14:18).

      Мехілсэдэк. Сценапіс Земенскай царквы, XIV ст., Заходняя Баўгарыя (Земен). Марка пошты Баўгарыі, выдадзеная ў 1976 годзе

      Мелхісэдэк «дабраславіў яго і сказаў: дабраславёны Абрам ад Бога Ўсявышняга, Уладара неба і зямлі…» (Быцьцё 14:19).

      Імя Мелхісэдэк, складаецца з двух габрэйскіх слоў: «мелех» – цар, і «цадзік» – праведнік; і значыць «цар праўды»; слова «Салім» значыць «мір». Зьяўленьне Мелхісэдэка да часоў Закона, паказвае, што ён сьвятар Божы, непасрэдна ад Бога. Ён стаіць ля вытокаў гісторыі народаў і рэлігій. Для хрысьціянства Мелхісэдэк – гэта правобраз Хрыста, Яго валадараньня і Яго сьвятарства. Як Мелхісэдэк быў разам сьвятаром і царом, так і Ісус Хрыстос ёсьць Першасьвятар і Цар. Ісус Хрыстос даў нам пад выглядам хлеба і віна цела і кроў сваю, так і Мелхісэдэк прынёс Абраму хлеб і віно і дабраславіў яго.

      Сара і Агар

      Ішлі гады. Абрам і яго жонка старыліся, а дзяцей у іх усё не было. А ў тыя часы існаваў звычай, па якім спадарыня, якая не мае дзяцей, магла даць свайму мужу ў жонкі служанку. Дзіця, народжанае служанкай, станавілася спадчыньнікам гаспадара. У Сары была рабыня Егіпцянка Агар, якую Сара і аддала ў жонкі Абраму. У Бібліі гэта запісана так: «Ён увайшоў да Агары, і яна зачала. А ўбачыўшы, што зачала, яна пачала пагарджаць гаспадыняй сваёй. І сказала Сара Абраму: у крыўдзе маёй ты вінаваты; я аддала служанку маю ва ўтробу тваю; а яна, угледзеўшы, што зачала, пачала пагарджаць мною; Гасподзь хай будзе судзьдзя паміж мною і табою. Абрам сказаў Сары: вось, служанка твая ў тваіх руках; рабі зь ёю, што табе заўгодна. І Сара пачала ўціскаць яе, і тая ўцякла ад яе» (Быцьцё 16:4—6).

      На карціне Рубенса «Агар пакідае дом Абрама»