Лявон Карповіч

Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Знаёмства са зьместам Бібліі і яго алюстраваньнем у мастацтве


Скачать книгу

Найстрашэньнейшая віна Каіна: забіўшы брата, ён забіў усіх ненароджаных яго дзяцей і нашчадкаў, зьнішчыў цэлы сьвет.

      У жудаснай сцэне першага ў сьвеце забойства паднятая Каінам дубіна, каб нанесьці ёй удар па брату, бездапаможна балансуючым на ўскрайку каменя, здаецца абрынецца на нас. І, менавіта, абрынулася на нас. Бо першае забойства выклікала ланцуговую рэакцыю, якая не канчаецца…

      Каін і Авель (1542—1544). Тыцыян (1480/85—1576). Царква Санта Марыя дэла Салютэ. Блёку пошты Уганды, выдадзены ў 1988 годзе

      Бог ізноў распачынае дыялёг з Каінам, і на гэты раз у надзеі на пакаяньне. Ні адзін чалавек не згублены перад Тварам Божым, калі ён здольны пакаяцца. Вось чаму Бог пытаецца ў Каіна: «Дзе Авель, брат твой?» (Быцьцё 4:9). Выраз «Дзе Авель, брат твой?» стаў крылатым: гэта формула адказнасьці аднаго чалавека за другога, бо ўсе людзі – браты, гэта формула адказнасьці за ўсё, што адбываецца навакол. Каін не хоча несьці адказнасьць: «Не ведаю! Хіба я вартаўнік брату майму?» (Быцьцё 4:10). У гэтых словах упіканьне Самому Богу: гэта ж Ты – галоўны Гаспадар і Вартаўнік сьвету; чаму ж Ты не выратаваў Авеля, чаму дазволіў мне забіць яго? Зазначым, што гэта таксама тыповая мадэль паводзінаў многіх людзей: ухіліцца ад адказнасьці, схавацца за тое, што сьвет такі недасканалы, што ў рэшце рэшт ва ўсім вінаваты Сам Бог, калі Ён ёсьць…

      Забойства Авеля разьмясьціла на сваёй марцы пошта Тога. Гэта адна з дзесяці марак, на каторых пры дапамозе ілюстрацый розных біблейных эпізодаў прадстаўлена Дзесяць Запаведзяў.

      Каін і Авель. Не забі. Марка пошты Тога з сэрыі «Дзесяць Запаведзяў», выдадзеная ў 1982 годзе

      Пачуўшы адказ Каіна, Бог вымаўляе страшныя і жорсткія словы: «І сказаў Гасподзь: што ты зрабіў? голас крыві брата твайго крычыць Мне зь зямлі; і сёньня пракляты ты ад зямлі, якая разьзявіла вусны свае прыняць кроў брата твайго ад рукі тваёй…» (Быцьцё 4:10,11).

      У арыгінале слова «кроў» стаіць у множным ліку. Бо маецца на ўвазе не толькі кроў Авеля, але і ўсіх яго ненароджаных нашчадкаў. Каін – першы чалавек, пракляты Богам. Адам і Ева не былі праклятыя, бо яны зрабілі памылку, а не злачынства. Пракляты быў зьмей, праз якога грэх увайшоў у душу чалавека. Каін таксама пракляты як чалавеказабойца.

      Каін забівае Авеля (1608—09). Пітэр Паўль Рубенс (1577—1640). Інстытут мастацтваў Курта, Лёндан. Марка пошты Грэнада Грэнадынас, выдадзеная ў 1982 годзе

      Кожны раз кожнаму чалавеку, кожнаму пакаленьню Бог дае волю выбіраць паміж дабром і злом. Грэх Каіна такі жудасны, што падлягае толькі суду Божаму, і Бог карае Каіна непрыкаянасьцю (вельмі сымбалічна супадзеньне ў гучаньні гэтых слоў у славянскіх мовах; а можа, гэтае «непрыкаяны» і ёсьць вытворнае ад «Каін»? ), немагчымасьцю поўнага пакаяньня (бо не захацеў гэтага сам Каін), адсутнасьцю душэўнага спакою і гармоніі, адчужанасьцю ад людзей. Ці можа быць пакараньне цяжэйшым? Можа, гэта горш за сьмерць?

      На трох марках Партугаліі, выданых у 1967 годзе, зьмешчаны