Лявон Карповіч

Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Знаёмства са зьместам Бібліі і яго алюстраваньнем у мастацтве


Скачать книгу

не загінуў, а меў жыцьцё вечнае» (Паводле Яна 3:16).

      У хрысьціянстве раскрываецца новы сэнс Раю, як «Валадарства нябеснага», угатаванага ад пачатку сьвету, страчанага з-за грэхападзеньня людзей, і зноў адкрытага ўсім людзям у выніку перамогі Ісуса Хрыста над пеклам.

      Ватыканская марка з нагоды набліжэньня Юбілейнага году, які агалашаецца праз кожныя 25 год, паказвае крыж Хрыста, як новае Дзерава жыцьця. З-пад крыжа, як у Садзе Эдэмскім, выцякаюць чатыры ракі. Маюць напаўняць жывою вадою збаўленьне, прынесенае праз мукі, сьмерць і паўстаньне з мёртвых Ісуса. Дзьве сарны каля крыжа адсылаюць да Псалтыры: «Як сарна імкнецца да водных патокаў, так душа мая імкнецца да Цябе, Божа!» (Псалтыр 42:2)

      Дзерава жыцьця. Мазаіка. Базыліка Сьвятога. Яна на Латэране Марка пошты Парагваю, выдадзеная ў 1974 годзе

      Першапачатковае мінулае і канчатковая будучыня злучаюцца ў ідэі Раю. Можна сказаць, што гэта Рай пасьля пекла, пасьля вопыту зла і свабоднага адхіленьня спакусы. Дастойныя ўспадкуюць Рай пасьля зямной сьмерці і ўваскрасеньня ў новай сьветабудове, не ведаючы ні хвароб, ні тугі, ні ўздыханьня, адчуваючы няспынную радасьць і шчасьце. «І ўтрэ Бог кожную сьлязіну з вачэй іхніх, і сьмерці ня будзе ўжо; ні плачу, ні енку, ні хваробы ўжо ня будзе; бо ранейшае прайшло» (Адкрыцьцё 21:4).

      Каін і Авель

      …калі ня робіш добрага, дык пад дзьвярыма грэх ляжыць; ён вабіць цябе да сябе, але ты пануй над ім. (Быцьцё 4:7)

      Ішоў час жыцьця Адама і Евы па-за Раем. «Адам спазнаў Еву, жонку сваю; і яна зачала, і нарадзіла Каіна, і сказала: здабыла я чалавека ад Госпада» (Быцьцё 4:1). Гэта значыць, што Бог непасрэдна ўдзельнічае ў нараджэньні новага чалавека: як тлумачыць старажытная традыцыя, ужо ў той момант, калі ў целе маці толькі завязваецца «кропелька» новага жыцьця, Бог удзімае ў гэтую «кропельку» новую душу, і гэтая, здаецца, яшчэ зусім неаформленая, аморфная «кропелька» ёсьць душою жывою з пункту гледжаньня рэлігійнай сьвядомасьці, і забіваць яе, нават на самых раньніх стадыях цяжарнасьці, – цяжкі грэх перад Богам. Такім чынам, кожнае дзіця, што зьяўляецца на сьвет, ёсьць у высокім сэнсе дзіцём Божым, і кожнаму Бог дае душу, здольную процістаяць злу.

      З першымі дзецьмі зьвязаная найвялікшая трагедыя першай чалавечай сям'і – сумны вынік адыходу ад Бога. Першавобразам сьвядомага злачынства і амаль абсалютнага граху і становіцца ў Бібліі Каін.

      «І яшчэ нарадзіла брата ягонага, Авеля. І быў Авель пастух авечак, а Каін быў земляроб» (Быцьцё 4:2).

      Першыя працы Адама і Евы (1650—52). Алонса Кано (1601 – 1667). Поллак-хаўс, Глазга. Марка пошты Гвінеі, выдадзеная ў 2012 годзе

      Навукоўцы – бібліёлягі ў адзін голас сьцьвярджаюць, што прыпавесьць пра Каіна і Авеля – адзін з найцяжэйшых для тлумачэньня тэкст Пісаньня. Бо ўсе падзеі, якія ў ёй адбываюцца, ня маюць мэтавага тлумачэньня. Не даюць адказу на пытаньне: чаму?

      У левай частцы карціны Адам «у поце твару» працуе, сын Адама – Каін у цэнтры, апрануты ў ружовае, а Ева – у правай